Пра горад Морды, за 115 км на ўсход ад цэнтра Варшавы і за 80 км на захад ад Брэста, на самым усходзе Мазавецкага ваяводства, на граніцы з Падляскім і Люблінскім, амаль каля граніцы з Беларуссю і Белавежскай пушчай, ведае далёка не кожны ў Польшчы. Гэта мясціна, дзе жыве ўсяго 1,8 тыс. чалавек, аднак, можа стаць буйным навуковым і культурным цэнтрам Польшчы, дзе будуць займацца у т.л. беларускай праблематыкай.
У варшаўскім фондзе Ośrodek Karta вядзецца падрыхтоўчая работа па аднаўленні палаца ў горадзе Морды, які знаходзіцца на гістарычным заходне-ўсходнеславянскім памежжы, на зямлі, дзе скрыжаваліся лёсы палякаў, беларусаў, украінцаў, яўрэяў. Палац, які ў 1912–1944 гадах належаў роду Пшаўлоцкіх, павінен стаць навукова-даследчым цэнтрам, у т.л. па вывучэнні гісторыі Беларусі.
Але спярша стаіць задача адрэстаўрыраваць будынак, а таксама вярнуць памяць аб яго гісторыі. У сувязі з гэтым у фондзе Ośrodek Karta убачыла свет кніга Dom w Mordach. Rodzina Przewłockich. 1912–1944.
У Мордах плануецца даць другое жыццё шматлікім архіўным матэрыялам, якія захоўваюцца цяпер у розных месцах Варшавы і збіраліся як у фондзе Ośrodek Karta, так і ў іншых грамадскіх, навуковых установах Польшчы.
Збігнеў Глюза, старшыня праўлення, галоўны рэдактар фонда Ośrodek Karta: — На самай справе ў Польшчы трэба было б стварыць беларускі гістарычны архіў, які б існаваў па-за юрысдыкцыяй Лукашэнкі.
Калісьці ў Мінску існаваў Архіў найноўшай гісторыі, але ён так і не стаў пастаянна дзеючай установай у сувязі з палітыкай Лукашэнкі. І ясна, што цяпер архіў такога тыпу ў Беларусі не з’явіцца. І таму ён павінен з’явіцца ў дыспары. І тады гэта будзе бяспечнае месца захоўвання дакументаў. А калі будзе адноўлена незалежнасць Беларусі, тады гэты архіў можа быць вернуты ў Беларусь.
Збігнеў Глюза расказвае, што ў фондзе Ośrodek Karta збіраецца міжнародны беларускі архіў — з арыгінальнымі дакументамі і матэрыяламі.
Збігнеў Глюза: — Гэты праект быў спачатку падтрыманы міністрам замежных спраў Польшчы. Потым гэты праект павінны былі падтрымаць міністры замежных спраў іншых краін. Гэта было многа гадоў таму. Тады праходзіў саміт ЕС у Вільні. І тады было абвешчана, што гэта павінен быць архіў для ўсіх краін за межамі Беларусі, каб беларусы ведалі, што ў іх ёсць свой архіў, прастора памяці. Але тады не дайшло да ажыццяўлення гэтай ідэі. Міністры прыйшлі да вываду, што з Лукашэнкам трэба дамаўляцца, што ён увогуле лепшы за Пуціна, што ў Беларусі няма сур’ёзнай альтэрнатывы Лукашэнку і што ў сувязі з гэтым палічылі, што стварэнне такога архіва было б ударам па Лукашэнку, пазбаўляла б магчымасці дыялогу з ім. І таму гэтага не трэба рабіць. І пра стварэнне архіва не было абвешчана.
Аднак у фондзе Ośrodek Karta к таму часу ўжо было сабрана некалькі дзясяткаў тысяч старонак беларускіх дакументаў. Усе яны былі алічбаваны. Аднак, як успамінае Збігнеў Глюза, беларускія арганізацыі і дзеячы ў Польшчы не адгукнуліся на прапанову супрацоўнічаць у гэтым кірунку. Але фонд Ośrodek Karta не перастаў займацца гэтай справай.
Вокладка кнігі Dom w Mordach. Rodzina Przewłockich. 1912–1944.
Збігнеў Глюза: — Аказалася, што на руках у палякаў многа дакументаў, звязаных з Беларуссю, у т.л. на беларускай мове. І мы пачалі шукаць іншае вырашэнне гэтага пытання.
Да пачатку ХХІ ст. дзякуючы амерыканскіх грантам мы мелі магчымасць наладжваць адносіны з Украінай, Беларуссю, Расіяй па дакументацыі савецкіх рэпрэсій. І такіх праектаў было многа.
Аднак пасля ўступлення Польшчы ў НАТА і ЕС гэтыя гранты скончыліся, бо амерыканцы палічылі, што адносіны Польшчы з Усходняй Еўропай будуць фінансавацца са сродкаў ЕС. Аднак такога фінансавання практычна не было. І мы не маглі працягваць нашу дзейнасць. Гэта мела катастрафічныя наступствы, асабліва для польска-ўкраінскіх адносін. Быў спынены дыялог...
У сувязі з гэтым мы вырашылі стварыць у Польшчы Усходні дом, які б стаў месцам вяртання да дыялогу.
Усходні дом плануецца стварыць у горадзе Морды, у былым палацы Пшаўлоцкіх.
Збігнеў Глюза: — У 1990-х гадах мы дамовіліся з сям’ёй Пшаўлоцкіх, што, калі яны вернуць свой маёнтак, то перададуць яго пад цэнтр дыялогу паміж Польшчай і Усходняй Еўропай.
Урэшце, у 2018 годзе Пшаўлоцкія вярнулі сабе палацава-паркавы ансамбль ў Мордах пад Седльцэ. І цяпер павінна быць праведзена рэстаўрацыя будынка. Бо палац доўгі час пуставаў, сур’ёзна пашкоджаны.
А ў будучыні гэта павінна быць месца, дзе паміж іншым з’явіцца беларуская бібліятэка і архіў — на розных мовах: беларускай, рускай, польскай і інш., на якіх зафіксавана гісторыя Беларусі.
Беларусы павінны стаць аднымі з гаспадароў гэтага месца. Там будзе сабрана вялікая калекцыя. І мы ўжо ведаем, з якіх крыніц. Аказалася, што ў Польшчы па розных месцах расцярушаны зборы такіх матэрыялаў. І з гэтага можна пачаць. Тады з’явіцца незалежная беларуская калекцыя, якая можа стаць чымсьці такім, як польскі архіў пад Парыжам, які ў перыяд ПНР быў галоўным польскім архівам па-за юрысдыкцыяй камуністаў.
Асновай калекцыі ў Мордах стануць беларускія і ўкраінскія матэрыялы і ў меншай ступені расійскія.
Ужо вясной наступнага года мы плануем зрабіць даступнай частку гэтай калекцыі.
Збігнеў Глюза звяртае ўвагу на сімвалічнасць назвы мясцовасці Морды, дзе будзе дзейнічаць новы навукова-даследчы цэнтр. Нягледзячы на тое, што назва горада паходзіць праўдападобна ад славянскага слова “морда”, аднак асацыіруецца таксама з польскім словам mord — забойства.
Збігнеў Глюза: — Нам здаецца, што звяртаючыся ў Мордах да трагічнай гісторыі, мы павінны яе перапрацаваць такім чынам, каб яна паспрыяла нармальнаму суіснаванню народаў Усходняй Еўропы. Павінен застацца ў мінулым перыяд узаемных прэтэнзій, маўляў, “вы забілі больш, чым мы”. І так можна спрачацца бясконца...
Мінула восем дзесяцігоддзяў з часу самых страшных злачынстваў (перыяду Другой сусветнай вайны. — Рэд.). Але наступныя пакаленні інфіцыраваны нянавісцю, якою заражаюцца маладыя людзі. Нацыяналізм узмацняецца, а не слабее.
Збігнеў Глюза бачыць у Мордах вялікі патэнцыял для стварэння тут цэнтра, які будзе прыцягваць беларусазнаўцаў з розных краін.
Збігнеў Глюза: — Морды ляжаць на адлегласці 120 км на ўсход ад Варшавы, 60 км ад граніцы з Беларуссю. Гэта месца, якое ляжыць досыць блізка ад Вільні, Каўнаса, Мінска, Львова.
Здаецца, што гэта магло б быць такое месца, дзе нашы народы пачнуць нармальна паміж сабой размаўляць, а не змагацца, і дзе будуць абараняць агульныя дэмакратычныя каштоўнасці.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё