Беларуская Служба

Беларусы і эрзя разам з украінцамі змагаюцца за вызваленне ад Расіі

20.10.2022 15:17
Сярод беларускіх добраахвотнікаў, які ваююць на баку Украіны, быў прадстаўнік народа эрзя Аляксей Вешчавайлаў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". С.Баляень пра эрзян на вайне ва Украіне.
         ,    .
Эрзянін з Беларусі Аляксей Вешчавайлаў абараняў Украіну ад расійскіх захопнікаў, за што быў узнагароджаны.https://t.me/belpolk_pagonya/82?single

Ва Украіну працягваюць прыбываць добраахвотнікі з усяго свету для ўдзелу ва ўзброеным супраціўленні расійскім агрэсарам. Сярод добраахвотнікаў і эрзяне, у т.л. з Беларусі. 26 верасня ў баях з расійскімі акупантамі пад Бахмутам Данецкай вобласці Украіны загінуў баец беларускага палка «Пагоня» — 31-гадовы Аляксей Вешчавайлаў «Жнец». Ён прыехаў з Гомеля, быў жанаты з беларускай, а паводле паходжання — з народа эрзя. Хлопца пахавалі ў Чаркаскай вобласці.

Аляксей Вешчавайлаў упершыню прыехаў ва Украіну ваяваць з расійскімі захопнікамі яшчэ ў 2016 годзе. У 2019 годзе, калі вярнуўся ў Беларусь на адпачынак да сваякоў, быў арыштаваны па абвінавачванні ў наёмніцтве. Пасля 2,5 гадоў зняволення вярнуўся ва Украіну і зноў пайшоў на фронт.

Эрзя і мокша — гэта народы на тэрыторыі Рэспублікі Мардовія і сумежных абласцей РФ. Калісьці арэал пражывання эрзя дасягаў раёна Масквы. Гэта карэнны фіна-ўгорскі народ гэтай часткі Расіі, які амаль цалкам асіміляваны рускімі. Тое, што свядомыя эрзя едуць ваяваць ва Украіну, можна патлумачыць рознымі прычынамі. Лепш за ўсё гэта зробіць эрзянскі пісьменнік і грамадскі дзеяч Сырэсь Баляень (Аляксандр Болькін) — адзін з тых, хто таксама абараняе Украіну ад расійскай агрэсіі. Ён нарадзіўся ў Саранску, сталіцы Мардовіі. З'яўляецца Інязорам (галоўным старэйшынай) эрзянскага народа, кіраўніком Таварыства эрзян Украіны Èrzäń val («Эрзянскае слова»), а таксама сузаснавальнікам грамадскага руху «Свабодны Ідэль-Урал», які ставіць за мэту здабыццё незалежнасці расійскімі нацыянальнымі рэспублікамі Паволжжа — Мардовіяй, Чувашыяй, Марый-Эл, Татарстанам, Удмуртыяй, Башкартастанам і аб'яднання іх у эканамічны і ваенны саюз.

Менавіта ва Украіне яшчэ ў савецкі час да Сырэся Баляеня прыйшла нацыянальная свядомасць. Ён, дарэчы, быў знаёмы з лідарам Народнага руху Украіны Вячаславам Чарнавілам, удзельнічаў у Майдане — Рэвалюцыі Годнасці 2013-2014 гг.

Ужо 4 сакавіка Сырэсь Баляень заклікаў эрзян рыхтавацца да калапсу Расійскай Федэрацыі і абвяшчэння новых краін, у тым ліку і Эрзянь Мастор (Краіны Эрзян).

Сырэсь Баляень: — Адразу пасля ўварвання расійскіх войск ва Украіну я ўступіў у рады тэрытарыяльнай абароны. Калі ж небяспека захопу Кіева зменшылася, я зноў магу больш увагі надаваць пытанням, звязаным з дзейнасцю Інязора эрзянскага народа і сузаснавальніка таварыства «Свабодны Ідэль-Урал».

На жаль, эрзянскіх добраахвотнікаў на баку Украіны ваюе сёння не многа. Мы не маем магчымасці сфарміраваць пакуль асобную роту ці нават асобны ўзвод эрзянскіх добраахвотнікаў.

З тых, хто ваюе, гэта эрзяне, якія пражывалі ва Украіне на момант расійскага ўварвання, гэта эрзяне, якія пражывалі за межамі РФ і прыбылі ва Украіну пасля пачатку ўварвання РФ. Нягледзячы на ​​іх невялікую колькасць, гэта мае вялікае значэнне для эрзянскага нацыянальнага руху. Гэта людзі з эрзянскай нацыянальнай свядомасцю, яны надзвычай важныя для будаўніцтва ў будучыні Эрзянь Мастор (эрзянскай дзяржавы).

Мы, безумоўна, не можам называць рэгіёны і гарады, адкуль гэтыя людзі прыбылі. Важна, што яны тут, ва Украіне, што яны з намі, што яны ваююць супраць РФ, разумеючы, што не Масква, а менавіта РФ уяўляе пагрозу для эрзянскага народа. І важна тое, што яны набываюць бясцэнны баявы вопыт тут і сёння ва Украіне.

Чаму ў нярускіх рэспубліках РФ да гэтага часу не падняўся рух за адмову ад удзелу ў рускай вайне супраць Украіны?

Сырэсь Баляень: — На жаль, і ва Украіне, і на Захадзе ёсць досыць шаблоннае ўспрыманне Расіі. Расія, нават ва ўмовах аўтарытарызму, агрэсіўнай асіміляцыі іншых народаў рускімі, застаецца дастаткова неаднароднай, падзеленай на тэрыторыі, дзе жывуць паводле розных законаў.

Калі мы возьмем, напрыклад Чачню і Удмуртыю, то іх аб'ядноўвае толькі тое, што яны ўваходзяць у склад РФ. Знайсці нешта яшчэ агульнае паімж імі дастаткова складана.

Былі мітынгі ў Карачаева-Чаркесіі, якія арганізоўвалі жанчыны, абураныя тым, што камандаванне не давала ім інфармацыі пра мужоў і дзяцей, якія ваявалі ва Украіне. Былі нядаўнія пратэсты супраць мабілізацыі ў Дагестане, Якуціі.

Увогуле ж, сітуацыя на Паўночным Каўказе вельмі моцна адрозніваецца ад той, што склалася дзе-небудзь у Рэспубліцы Мардовія ці Ніжагародскай вобласці.

На тэрыторыі маленькай Чачні засяроджана сёння 130-тысячная групоўка расійскіх войск! І гэта невыпадкова. Аб Чачні, Дагестане і Інгушэціі можна сказаць: так, сапраўды, гэтыя народы сёння заваяваны, іх пратэст заліты крывёй, але, тым не менш, гэтыя тры рэспублікі Масква ўтрымлівае за кошт вялізнай колькасці войск, якія ў той жа час не можа кінуць на вайну з Украінай. І маскоўская ўлада разумее, што калі гэтыя войскі вывесці з Паўночнага Каўказа, то невядома, што там можа здарыцца.

18 кастрычніка Вярхоўная Рада Украіны прыняла пастанову аб прызнанні суверэнітэту Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя, а саму тэрыторыю рэспублікі — часова акупіраванай Расіяй. Ці можа цяпер падняцца ў якіх-небудзь нацыянальных рэгіёнах РФ рух за незалежнасць?

Сырэсь Баляень: — Ці могуць нацыянальныя рэспублікі зноў змагацца за сваю незалежнасць? Такія прыклады ў найноўшай гісторыі Расіі ўжо былі. Гэта і барацьба чачэнцаў са зброяй у руках за незалежнасьць Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Гэта і «парад суверэнітэтаў», нацыянальныя рухі Татарстана, Башкартастана, Чувашыі, Марый-Эл, Удмуртыі, Мардовіі, Якуціі, якія выступалі або за незалежнасць, або за істотнае дыстанцыраванне ад Масквы. Рэспублікі хацелі роўных адносін з федэральным цэнтрам, не хацелі быць суб'ектам імперыі на правах калоніі.

Але я б хацеў спытаць заходняе грамадства, еўрапейцаў, амерыканцаў, дый украінцаў... Ці гатовы яны падтрымаць такі сцэнарый, калі народы РФ зноў заявяць пра сваё жаданне стварыць свае дзяржавы? Ці не пабаяцца адкрыта ўстаць не на бок так званых расійскіх дэмакратаў, так званай расійскай інтэлігенцыі? Ці не будзем мы зноў падманваць сябе? Маўляў, расійская імперыя, расійскія злачынствы, расійскія зверствы — гэта адно, а руская культура, руская інтэлігенцыя, руская літаратура, тэатр, музыка гэта зусім іншае, што існуе нібы асобна, і ніяк не перасякаецца з расійскім зверствам, з якім мы сутыкнуліся цяпер у Украіне? Ці не здарыцца зноў самападман? Ці не зробім мы зноў стаўку на расійскіх дэмакратаў, на так званых расейскіх інтэлігентаў замест таго, каб дапамагчы тым сілам, якія прагнуць дэзінтэграцыі РФ і стварэння сваіх дзяржаў. Гэта ключавое пытанне, і адказ на яго мы павінны шукаць ужо сёння.

Віктар Корбут

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Украінскі праваабаронца: Лукашэнка — ваенны злачынец

17.03.2022 16:03
Барыс Захараў, кіраўнік праектаў Харкаўскай праваабарончай групы, лічыць, што Лукашэнка садзейнічае і ўдзельнічае ў агрэсіі РФ супраць Украіны.