Законапраект, які прадугледжваў выдзяленне мільярдаў долараў на новую ваенную дапамогу Украіне і Ізраілю, быў заблакаваны ў Сенаце ЗША ў сераду, 6 снежня, бо рэспубліканцы настойваюць на сваіх патрабаваннях прыняць больш жорсткія меры па кантролі за іміграцыяй на мяжы ЗША з Мексікай.
Галасаванне адбылося з вынікам 49 сенатараў «за» і 51 – «супраць». Гэта азначае, што законапраект аб фінансаванні на суму 110,5 мільярда долараў не атрымаў 60 галасоў, неабходных для пачатку дэбатаў у Сенаце, у склад якога ўваходзіць 100 заканадаўцаў.
Галасаванне прайшло па партыйных лініях, пры гэтым кожны сенатар-рэспубліканец прагаласаваў «супраць» разам з незалежным сенатарам Берні Сандэрсам, які звычайна галасуе разам з дэмакратамі, аднак зараз выказвае занепакоенасць з нагоды фінансавання «негуманнай ваеннай стратэгіі» Ізраіля супраць палестынцаў.
Рэспубліканцы і дэмакраты ў Кангрэсе ўжо некалькі месяцаў абмяркоўваюць, як адказаць на просьбу прэзідэнта Джо Байдэна аб выдзяленні мільярдаў долараў на фінансаванне Украіны ў яе барацьбе з расійскімі захопнікамі, на дапамогу Ізраілю пасля атак 7 кастрычніка тэрарыстычнай групоўкай ХАМАС, а таксама на патрэбы бяспекі ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне і міжнароднай гуманітарнай дапамогі.
Але два запыты Белага дома да Кангрэса аб прыняцці законапраектаў аб выдатках не прывялі да поспеху, і настроі на Капіталійскім узгорку становяцца ўсё больш напружанымі, бо тупік пагражае зацягнуцца да 2024 года.
Дэмакраты сцвярджаюць, што дапамога саюзнікам неабходна для падтрымання глабальнай дэмакратыі і супрацьстаяння аўтакратыям.
VoA/ex