Беларуская Служба

3 000 долараў за згарэлы вайсковы аўтамабіль - так Крэмль вярбуе калабарантаў ва Украіне

15.10.2024 12:45
Расійскія спецслужбы вярбуюць у сацсетках украінскую моладзь, а таксама асобы, залежныя ад азартных гульняў і наркотыкаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.LoboStudioHamburg/pixabay.com/CC0 Public Domain

Гэта новы спосаб вядзення вайны. Расійскія спецслужбы палююць у сетках, у тым ліку, на ўкраінскіх падлеткаў, якія шукаюць хуткіх грошай, паведамляе Rzeczpospolita.



Нядаўна супрацоўнікі СБУ затрымалі ў Кіеве чатыры асобы. Усе яны маюць украінскія пашпарты і жывуць у сталіцы. Сярод затрыманых трое раней судзімых мужчын, у тым ліку: за крадзеж. Была сярод іх і нарказалежная жанчына. Што яны зрабілі? Спалілі тры вайсковыя аўтамабілі, сфатаграфавалі і адправілі расіянам «справаздачу». Злачынцы не паспелі атрымаць зарплату, бо былі затрыманыя. Зараз ім пагражае восем гадоў турмы. Пра магчымасць хуткага заробку яны даведаліся на адным з каналаў у Telegram.

З пачатку года ва Украіне былі зафіксаваныя больш за 260 такіх выпадкаў (дадзеныя на верасень). Ва ўкраінскай Генпракуратуры тлумачаць, што большасць зламыснікаў шукае лёгкіх і хуткіх грошай, бо расійскія службы прапануюць за такую ​​дзейнасць ад 700 да 3 000 долараў.

Маштабы праблемы настолькі сур’ёзныя, што ў Вярхоўную Раду быў унесены законапраект, які прадугледжвае ўзмацненне пакарання за гэты від злачынстваў - падпальшчыкам будзе пагражаць ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Ініцыятар ідэі - дэпутат ад прэзідэнцкай фракцыі «Слуга народу» Мар’ян Заблоцкі - сцвярджае, што толькі за апошнія тры месяцы ва Украіне было спалена 180 аўтамабіляў вайскоўцаў.

Расійскія спецслужбы вярбуюць украінскую моладзь, а таксама асобы, якія маюць даўгі, залежных ад азартных гульняў і наркотыкаў. У абмен на грошы яны патрабуюць не толькі здзейсніць падпал аўтамабіля ці прапагандысцкі пікет, але таксама фатаграфаваць украінскія ваенныя аб'екты і пазіцыі ўкраінскай арміі.

Украінскія СМІ адзначаюць, што ў 2022 годзе за супрацоўніцтва з расіянамі ва Украіне былі асуджана 272 чалавекі, а ў 2023 годзе такіх прысудаў было амаль 800. Дадзеных за бягучы год пакуль няма.

«Нягледзячы на ​​тое, што вайна працягваецца ўжо тры гады, надалей ёсць невялікі адсотак украінскага грамадства, каля 1-2 працэнтаў, які ўвогуле не разумее, што адбываецца(…) Гэта для іх надзея зарабіць хуткія грошы, якіх яны ўсё роўна не атрымаюць», – кажа ў размове  з выданнем Rzeczpospolita вядомы ўкраінскі псіхолаг Вадзім Васютынскі.

аз