Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаўся, ці магчымае спыненне агню пасля выбараў прэзідэнта ЗША, якія адбудуцца 5 лістапада. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў у час інтэрв’ю для The times of india.
У прыватнасці, у прэзідэнта спыталі, ці магчыма, што пасля выбараў прэзідэнта ў ЗША ў лістападзе можа быць уведзены рэжым спынення агню.
«Многае залежыць ад палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі. Мне здаецца, што гэта не вельмі глыбокі аналіз, калі мы гаворым, што ўсё залежыць ад выбараў у Злучаных Штатах. Многае, але не ўсё», — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт адзначыў, што ў пачатку вайны ўкраінская нацыя выстаяла ва ўмовах, калі не мела падтрымкі саюзнікаў, у тым ліку ЗША. Ён сказаў, што адзінства і трываласць украінскага грамадства адбіла атаку расіян.
«Так, спыніла іх. А дэакупаваць толькі саматугам і сваёй зброяй у нас бы не атрымалася. Прынамсі, нам бы гэта было вельмі дорага з пункту гледжання чалавечых страт. І таму, мы ўдзячныя ўсім саюзнікам за дапамогу. Але не ўсё залежыць ад выбараў у ЗША», — сказаў Зяленскі.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што палітыку мяняюць не толькі лідары:
«Мы не ведаем, хто будзе прэзідэнтам. Але, безумоўна, усё роўна, двухпартыйная падтрымка Украіны застанецца, і ў любым выпадку, Кангрэс Злучаных Штатаў, з якім мы працуем і напрацавалі моцныя адносіны, будзе мець свой асабісты ўплыў на гэтую вайну. Нягледзячы на тое, хто будзе прэзідэнтам. Хоць, прэзідэнт усё роўна будзе фармаваць міжнародную палітыку, таму што гэта яго канстытуцыйны абавязак».
У той жа час ён мяркуе, што калі палітыка ў ЗША зменіцца такім чынам, што Амерыка перастане падтрымліваць Украіну, то Украіне, безумоўна, будзе вельмі складана.
«Але, гэта калі зусім зменіцца палітыка. Тады і будзем думаць, што з гэтым рабіць. Дакладна не зараз, і толькі тады», — сказаў Зяленскі.
Нагадаем, кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп паабяцаў у выпадку перамогі на выбарах «нешта напрацаваць» з мэтай завяршэння вайны паміж Украінай і Расіяй яшчэ да сваёй інаўгурацыі, якая павінна адбыцца ў 20-ых чыслах студзеня 2025 года. Трамп лічыць, што зможа вырашыць вельмі хутка пытанне спынення вайны.
УНІАН/нг