Расія панесла найбольшую колькасць страт з пачатку вайны супраць Украіны, — заяўляе камандуючы Узброенымі сіламі Злучанага Каралеўства адмірал Тоні Радакін. Як паведамляе BBC, кожны дзень у мінулым месяцы гінулі, або былі параненыя 1,5 тысячы расійскіх акупантаў.
Адмірал Тоні Радакін падкрэсліў, што расіяне «плацяць велізарную цану» за рашэнне Уладзіміра Пуціна ўварвацца ва Украіну:
— Няма сумневу, што Расія дасягае поспехі тактычныя, здабывае новыя тэрыторыі і гэта аказвае ціск на Украіну, таму што Украіна павінна пасылаць больш людзей на лінію фронту. Але Расія ўжо выдаткоўвае больш за 40% сваіх дзяржаўных выдаткаў на абарону і бяспеку, што больш, чым на адукацыю і ахову здароўя разам узятыя. Гэта велізарныя выдаткі для гэтай краіны.
Брытанскі камандуючы падкрэсліў, што з пачатку вайны ва Украіне загінулі або параненыя 700 тысяч расійскіх захопнікаў. Масква афіцыйна не раскрывае лік ваенных страт.
Украінскае камандаванне паведамляе, што Расія адправіла на фронт буйныя падраздзяленні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якія ўжо задзейнічаны ў Курскай вобласці і ўжо панеслі першыя страты.
iar/эж