Гэта тое, чаго Пуцін даўно хацеў, падкрэсліў прэзідэнт Зяленскі ў сваёй штодзённай прамове перад суайчыннікамі ў пятніцу вечарам.
Украінскі лідар раскрытыкаваў дзеянні кіраўніка нямецкага ўрада. На яго думку, Расію трэба ізаляваць на міжнароднай арэне.
Олаф Шольц запатрабаваў ад Пуціна вывесці войскі і спыніць канфлікт. Аднак Уладзімір Зяленскі не задаволены самім фактам дыялогу з прэзідэнтам Расіі.
Шольц таксама атрымаў крытыку з боку ўкраінскага МЗС. У міністэрстве расцанілі размову з Пуціным як «спробу ўлагодзіць». На думку ўкраінскіх дыпламатаў, учынак канцлера не падтрымлівае мірныя намаганні.
«Перамовы толькі даюць Пуціну надзею на тое, што яго міжнародная ізаляцыя будзе паслаблена. Ён бачыць у іх праяву слабасці і карыстаецца імі», гаворыцца ў заяве міністэрства.
Першая размова за два гады
Апошні раз Олаф Шольц размаўляў з прэзідэнтам Расіі ў 2022 годзе. Рашэнне было прынята ў цяжкі для нямецкага ўрада час. 11 снежня канцлер унясе ў бундэстаг прапанову аб вотуме даверу. Гэта амаль напэўна прывядзе да датэрміновых выбараў, прызначаных на 23 лютага 2025 года.
Размова канцлера Германіі з Уладзімірам Пуціным доўжылася гадзіну. Яе дакладны змест невядомы, але заслону таямніцы прыадчыніў прэм'ер-міністр Дональд Туск, які пасля размаўляў з Шольцам.
«Мне толькі што патэлефанаваў канцлер Шольц, які перадаў мне справаздачу аб размове з У.Пуціным. Мне было прыемна пачуць, што канцлер не толькі адназначна асудзіў расійскую агрэсію, але і паўтарыў польскую пазіцыю: нічога пра Украіну без Украіны», — напісаў ён на платформе Х.
Вядома, што Уладзімір Зяленскі быў загадзя папярэджаны аб запланаванай размове Шольца з Пуціным.
IAR/вх