Дональд Трамп, абраны прэзідэнт ЗША, заявіў, што Расія спыніла падтрымку прэзідэнта Сірыі Башара Асада, паколькі страціла цікавасць да сірыйскага канфлікту з-за вайны ва Украіне. Трамп падкрэсліў неабходнасць як мага хутчэй спыніць баявыя дзеянні ва Украіне і пачаць перамовы.
На платформе Truth Трамп напісаў, што Асад пакінуў Сірыю, а Расія на чале з Уладзімірам Пуціным вырашыла больш не абараняць яго. «Расія страціла ўсялякую цікавасць да Сірыі праз вайну ва Украіне, дзе прыкладна 600 тысяч расійскіх вайскоўцаў былі параненыя або загінулі ў канфлікце, які ніколі не павінен быў пачацца і які можа цягнуцца вечна», – адзначыў ён.
Таксама Трамп дадаў, што Расія і Іран аслабленыя: Масква – з-за вайны і кепскага эканамічнага становішча, Іран – з-за супрацьстаяння з Ізраілем і яго поспехаў у ваенных дзеяннях. Ён выказаў меркаванне, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гатовы да перамоў аб завяршэнні канфлікту. Паводле яго слоў, Украіна страціла 400 тысяч вайскоўцаў і значна большую колькасць мірных жыхароў.
«Неабходна неадкладнае спыненне агню і пачатак перамоў. Занадта шмат жыццяў страчана бессэнсоўна, занадта шмат сем’яў разбурана. Калі гэта працягнецца, сітуацыя можа перарасці ў нешта значна больш небяспечнае», – падкрэсліў Трамп.
Ён таксама выказаў надзею, што ў вырашэнні канфлікту можа адыграць значную ролю Кітай, заканчваючы сваю заяву словамі: «Свет чакае!».
PAP/нг