Каб дапамагчы Украіне, польскі ўрад гатовы павялічыць унутраную вытворчасць электраэнергіі. Па словах ананімнага польскага чыноўніка, якога цытуе амерыканскае агенцтва Bloomberg, пастаўкі электраэнергіі з Польшчы маюць на мэце кампенсаваць любыя збоі ва ўкраінскай энергасістэме, калі Славакія вырашыць спыніць пастаўкі.
Некалькі дзён таму прэм'ер Славакіі Роберт Фіца прыгразіў, што яго краіна прыпыніць пастаўкі электраэнергіі, калі Кіеў выканае свае заявы і спыніць транзіт расійскага газу ў яго краіну пасля Новага года.
Нагадваем, Украіна заявіла, што не плануе працягваць кантракт на транспарціроўку расійскага газу праз сваю тэрыторыю ў Еўропу. Кантракт заканчваецца 31 снежня. Славакія па-ранейшаму залежыць ад паставак таннага газу з боку «Газпрома», нягледзячы на спробы зрабіць краіны ЕС незалежнымі ад расійскіх энергарэсурсаў.
Браціслава таксама імпартуе расійскую сырую нафту праз нафтаправод «Дружба», які праходзіць праз Украіну.
IAR/аз