Расійскае грамадства складаецца пераважна з апалітычнай масы, якая найперш прагне спакою. Уладзімір Пуцін свядома падтрымлівае такі стан, бо баіцца, што зацікаўленасць палітыкай можа паставіць яго ўладу пад пагрозу. Паводле эксперта па Расіі Кубы Бенедычака (Kuba Benedyczak), інтэрв'ю з якім друкуе партал Onet.pl, расіяне кампенсуюць недахоп якасці жыцця «імперскім какаінам» – пачуццём велічы, якое адцягвае ўвагу ад штодзённых праблем, такіх як беднасць, карупцыя і нізкі ўзровень дзяржаўных паслуг.
Хоць у першым дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя Расія перажыла перыяд «нафтадаляравай эйфарыі», большасць насельніцтва дасягнула толькі мінімальнай стабільнасці. Нягледзячы на тое, што некаторым расіянам удалося ўвайсці ў сярэдні клас, краіна адмовілася ад шляху мадэрнізацыі на карысць неататалітарызму, які нагадвае рэлігійны аўтарытарызм.
Суразмоўца адзначае, што расійскія дэмакраты, хоць і крытыкуюць Крэмль, ізаляваныя ад грамадства і працуюць галоўным чынам дзеля замежных грантаў. Аднак расіяне не цікавяцца іх ініцыятывамі і дэбатамі пра імперыялізм ці рэпарацыі. Для звычайнага грамадзяніна больш важныя базавыя патрэбы.
Нягледзячы на санкцыі, Расія эканамічна выжывае дзякуючы шэрай зоне і супрацоўніцтву з Кітаем і краінамі глабальнага Поўдня. Улады падтрымліваюць статус-кво, прапануючы расіянам «дозы імперскага какаіну» ў выглядзе ваенных поспехаў.
Бенедычак падкрэслівае, што пасля развалу СССР Расія ўпусціла магчымасць для развіцця. Замест таго каб задацца пытаннем пра прычыны паразы, яна культывуе рэваншысцкія настроі. Улады і грамадства не бачаць матывацыі для змен. Між тым імперыялізм не толькі стрымлівае Расію ў стагнацыі, але і шкодзіць іншым народам.
нг