ЗША патрабуюць поўнага выхаду расійскага капіталу з сербскай нафтавай кампаніі NIS. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, паводле якога, ЗША «не дапускаюць магчымасці прысутнасці 49% ці менш расійскага капіталу» ў NIS.
NIS патрапіла пад другасныя санкцыі ЗША ўчора, 10 студзеня, з-за сувязяў з расійскай «Газпромнафтай», якая разам з «Газпромам» валодае 56,15% акцый NIS. Яшчэ 29,87% належаць Сербіі. Раней Аляксандр Вучыч заяўляў аб гатоўнасці краіны выкупіць расійскую долю ацэначным коштам прыкладна ў 700 мільёнаў еўра.
Сербскі палітык назваў санкцыі ЗША «цяжкімі і сур'ёзнымі» і сказаў, што папросіць будучую амерыканскую адміністрацыю перагледзець рашэнне і паспрабаваць знайсці «змякчальныя абставіны».
Нагадаем, з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Бялград адмовіўся далучыцца да заходніх санкцый супраць Масквы і працягвае падтрымліваць сувязі з расійскімі чыноўнікамі.
voa/эж