На аснове допісаў чытачоў партал warszawa.naszemiasto.pl падрыхтаваў суб’ектыўны рэйтынг самых небяспечных вуліц у Варшаве.
Варшавяне ўлічылі як пытанне бяспекі на дадзенай вуліцы, так і агульную атмасферу вакол дадзенага раёну горада.
Вуліца Бжэска (ul. Brzeska)
Жыхары Варшавы кажуць, што вуліца Бжэска ў раёне Прага-Поўнач, блізка чыгуначнага вакзала Warszawa Wschodnia, гэта наркамека сталіцы. Апошнім часам там стала «горача». Паліцыя кожныя некалькі дзён праводзіць там рэйды.
Вуліца Мала (ul. Mała)
Гэта яшчэ адна вуліца ў раёне Прага-Поўнач, якую жыхары Варшавы лічаць небяспечнай. Як яны аргументуюць сваю думку?
«Сабачыя фекаліі на тратуары, пах мачы, разбітыя бутэлькі. Той, хто бывае на вуліц Мала, ведае, што там нешта не так», ацэньваюць варшавяне.
Праспект Яна Паўла ІІ (Al. Jana Pawła II)
Сярод заяваў чытачоў значыўся і праспект Яна Паўла ІІ - адна з буйнейшых артэрый горада. Жыхары адзначылі, што адчуваюць сябе небяспечна ў раёне славутых павільёнаў на праспекце Яна Паўла ІІ. Там шмат пабаў, але таксама крамы і пункты абслугоўвання адкрытыя да позняй ночы.
«Там шмат чаго адбываецца. Нават на тратуарах трэба быць асцярожным, каб цябе не збіў веласіпедыст ці нехта на скутары», — кажа жыхарка Варшавы Юстына.
Увесь раён Бяляны (Bielany) заслужыў імя небяспечнага з-за шматлікіх крадзяжоў, якія адбываюцца там апошнім часам.
Вуліца Сталёва (ul. Stalowa)
Вуліца Сталёва ў раёне Прага-Поўнач таксама часта згадвалася жыхарамі як небяспечная. Аднак было шмат галасоў, што часы тэрору ў гэтым месцы даўно мінулі. Вуліца Сталёва ў Варшаве з'яўляецца прыкладам раёна, які зведаў значную трансфармацыю. У мінулым, асабліва ў 1990-я гады, ён быў вядомы сваімі цяжкімі сацыяльнымі ўмовамі і з гэтым ростам злачыннасці, што выбудоўвала яго дрэнную рэпутацыю. Шмат што змянілася з таго часу. Сёння вуліца Сталёва часта ўспрымаецца як цікавае месца з мастацкай атмасферай, якая становіцца ўсё больш прывабнай.
Вуліцы Новы Свят і Хмельна ў самым сэрцы Варшавы (ul. Nowy Świat i ul. Chmielna)
Самы цэнтр Варшавы, а таксама вуліцы Хмельна і Новы Свят жыхары таксама пазначылі тэрыторыяй, якую варта абыходзіць, асабліва ўначы. У раёне ёсць шмат клубаў, пабаў і рэстаранаў, якія працуюць да позняй ночы. «Вечарам там варта быць вельмі асцярожным , бо паўсюль п’яныя людзі», — піша адзін з варшавянаў у анкеце для парталу warszawa.naszemiasto.pl
яс