Беларуская Служба

Найгоршы сцэнар ад брытанскага палітыка: «Фронт ва Украіне разваліцца праз паўгода»

03.02.2025 10:16
Былы лідар кансерватараў Іэн Дункан Сміт сустрэўся з украінскімі палітыкамі і наведаў перадавую. Пасля вяртання з Украіны ён не хавае жахлівых прагнозаў — прыкладна праз паўгода расіяне могуць прарваць украінскую абарону. Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца брытанскія аналітыкі, якія працуюць на цяперашняга кіраўніка ўрада.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnefacebook.com/zelenskyy.official

Былы лідар брытанскіх кансерватараў Іэн Дункан Сміт (Iain Duncan Smith) сустрэўся ва Украіне з палітыкамі, вайсковымі чыноўнікамі і простымі вайскоўцамі, піша брытанская «Daily Mail». Высновы, якія ён давёў да цяперашніх уладаў Вялікабрытаніі, жахлівыя.

«Песімістычны прагноз, які я пачуў ад аднаго з найважнейшых украінскіх палітыкаў, заснаваны на скарачэнні рэсурсаў — у першую чаргу боепрыпасаў для 155-мм гармат», — тлумачыць Сміт.

«Украіна не можа выйграць артылерыйскія дуэлі з Расіяй. На кожны снарад, выпушчаны лаяльнымі Кіеву сіламі, расіяне адказваюць чатырма», — дадаў ён.

Іэн Дункан Сміт спасылаецца на словы высокапастаўленага афіцэра ўкраінскай выведкі, што, нягледзячы на ​​страты Расіі ў памеры каля 1500 салдат у дзень, Украіна губляе тэрыторыю, і фронт разваліцца на працягу шасці месяцаў. Тады расійскія войскі зноў змогуць пагражаць Кіеву, а ўкраінскаму войску не будзе чым даць адпор ворагу.

«Перамога Пуціна — жахлівы сцэнар для Захаду, тым больш, што мы патрацілі вялізныя грошы, спрабуючы стрымаць Расію», — дадае брытанскі палітык.


Што чакае Украіну?

На ягоную думку, калі Захад хутка не адкрые свае арсеналы і не паскорыць пастаўкі, Украіну альбо падзеляць на дзве часткі, і Уладзіміру Зяленскаму давядзецца падпісваць мір на жудасных умовах, альбо ўся краіна трапіць у рукі расіян, а цяперашнім уладам давядзецца ўцякаць з краіны.

Урадавыя аналітыкі прагназуюць падобнае развіццё сітуацыі. Падобныя высновы прэм'ер-міністру Стармеру зрабіў яго дарадца па нацыянальнай бяспецы.

Брытанскія эксперты таксама кажуць, што ва Украіну трапляе занадта мала заходняй тэхнікі і што пастаўкі істотна затрымліваюцца, каб паўплываць на спыненне расійскіх нападаў.

forsal.pl/вх