Старшыня камісіі па замежных справах польскага Сейма Павел Коваль (Paweł Kowal) заявіў, што цяперашняя архітэктура міжнароднай бяспекі разбураецца. У Мюнхене падчас канферэнцыі па бяспецы палітык браў удзел у шматлікіх перамовах, у першую чаргу паміж прадстаўнікамі ЗША і краін Еўропы. І вось як ён іх ацэньвае.
- Калі б сюды прыехаў марсіянін, ён бы падумаў, што паміж Штатамі і Еўропай ідзе вайна, а Расія ні пры чым. Вось да чаго дайшла эскалацыя. Я спадзяюся, што ў наступныя дні, у наступныя месяцы гэты працэс рацыяналізуецца. Мы бачым, як разбураецца свет, у якім мы жылі, але таксама нашы бацькі, папярэднія пакаленні пасля Другой сусветнай вайны, для якіх Штаты і старая Еўропа былі гарантыяй нейкай нармальнасці. Першае, што трэба зрабіць у такіх сітуацыях - астудзіць эмоцыі. У амерыканскім падыходзе ёсць супярэчлівасць, бо калі ідэя палягае ў тым, што Еўропа павінна больш адказваць за агульную бяспеку Захаду, а амерыканцы павінны больш эканамічна ўдзельнічаць у Еўропе, калі гэтага патрабуе адміністрацыя прэзідэнта ЗША, то лагічным наступствам з'яўляецца тое, што Еўропа бярэ ўдзел у гэтых перамовах, бо гэта тычыцца Еўропы.
Павел Коваль мае на ўвазе мірныя перамовы па вайне ва Украіне. Пры гэтым, паводле слоў палітыка, нягледзячы на моцныя словы, сказаныя ў Мюнхене, факты застаюцца фактамі - Еўропа надалей будзе актыўна падтрымліваць Украіну.
iar/нг