Расія вярбуе кітайцаў на вайну супраць Украіны, распаўсюджваючы ў сацыяльных сетках відэаролікі. Некаторыя з іх - яўна створаныя расійскай прапагандай, у іх падкрэсліваюць «цвёрды» характар навабранцаў. Іншыя - больш нагадваюць відэаблогі ці прома ўплывовых асоб, якія быццам рэкламуюць «працоўны водпуск», піша The Guardian.
Акрамя таго, у сацсетках распаўсюджваюцца скрыншоты заяў нібыта звычайных грамадзян, якія рыхтуюцца пакінуць Кітай. Усе гэтыя матэрыялы маюць адну мэту - папулярызаваць ідэю ўступлення ў шэрагі наймітаў, якія ваююць на баку Расіі.
У сетцы распаўсюджваюцца ролікі аб магчымасцях працаўладкавання. У іх акцэнт робіцца на бонусах за падпісанне кантракта ў памеры ад 8 – 27 тысяч долараў) і штомесячны заробак у 2500 долараў.
Адно з самых папулярных відэа - выглядае як перакладзеная расійская аб'ява з кітайскімі субтытрамі. У ім паказана, як каўказскія мужчыны пакідаюць сваю працу, каб пайсці на фронт, і гучыць заклік:
«Вы хочаце прадэманстраваць сілу тут? Гэта той шлях, да якога вы імкнецеся? Вы цвёрды чалавек, будзьце як яны!»
Іншае відэа знята чалавекам, які заяўляе, што ўжо прайшоў вярбоўку. «З-за канфлікту, які працягваецца паміж Расіяй і Украінай, я еду туды пасля новага года», - сказаў ён у снежні, дэманструючы скрыншоты з рэгістрацыйнай інфармацыяй.
У яшчэ адным роліку расійская інфлюэнсер звяртаецца да сваёй аўдыторыі, якая налічвае больш за 300 тысяч падпісчыкаў. Яна распавядае на кітайскай мове аб фінансавых перавагах службы ў расійскай арміі, бонусах, штомесячных выплатах і сацыяльных ільготах - уключаючы жыллё, медыцынскае абслугоўванне і догляд за дзецьмі.
unian.ua/яс