Беларуская Служба

На думку прэзідэнта Польшчы, Дональд Трамп можа дабіцца міру ва Украіне

12.04.2025 12:32
Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў тэлестанцыі Sky News, што Дональд Трамп — гэта найлепшы шанец на мір ва Украіне.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дудафота: Twitter/KPRP

Прэзідэнт адзначыў, што тарыфная палітыка лідара ЗША — гэта «шокавая тэрапія» і адначасова перамоўная стратэгія «чалавека велізарнага бізнес- і камерцыйнага поспеху». Дуда прызнаў, што еўрапейскія палітыкі не прывыклі да такой стратэгіі. Ён дадаў, што партнёры Злучаных Штатаў павінны захоўваць спакой адносна гэтага новага метаду дзеянняў.

Гаворачы пра перамовы паміж ЗША і Расіяй, прэзідэнт Дуда выказаў упэўненасць, што Дональд Трамп здольны належным чынам ацаніць Уладзіміра Пуціна. «Калі хто і здольны прымусіць Расію спыніць вайну, то, хутчэй за ўсё, толькі прэзідэнт ЗША», — заявіў Анджэй Дуда. 

«Пытанне ў тым, ці будзе ён дастаткова рашучы, каб зрабіць гэта. Гэта таксама вельмі важна тут, у Еўропе, якая назірае расійскую агрэсію супраць Украіны, — каб мір быў справядлівым і трывалым», — дадаў прэзідэнт Дуда. 

Польскі прэзідэнт таксама адзначыў, што ад амерыканскіх уладаў няма ніякай інфармацыі пра тое, што яны будуць скарачаць колькасць сваіх салдат у Польшчы.

IAR/нг