Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен выступіла за адмену прынцыпу аднагалоснасці ў пытаннях знешняй палітыкі ЕС.
Паводле яе, апошнія дзеянні ўрада Венгрыі пад кіраўніцтвам Віктара Орбана паказалі недахопы цяперашняй сістэмы. У апошнія месяцы Будапешт блакаваў прыняцце новых санкцый супраць Расіі, а таксама рашэнні адносна фінансавай дапамогі Украіне, карыстаючыся правам вета, якое вынікае з прынцыпу аднагалоснасці.
— Пераход на галасаванне кваліфікаванай большасцю ў знешняй палітыцы — гэта важны спосаб пазбегнуць сістэмных блакаванняў, якія мы бачылі ў мінулым. Мы сапраўды павінны выкарыстаць гэты імпульс, каб прыняць рашэнне ў гэтай справе. Заклікаю краіны ЕС разгледзець магчымасць рэформы механізму прыняцця рашэнняў, — заявіла старшыня Еўракамісіі.
Пры гэтым адзначаецца, што змяненне правіл галасавання не абавязкова патрабуе доўгай і складанай працэдуры перагляду дамоваў ЕС. Аднак нават для яе актывацыі такіх юрыдычных механізмаў неабходная аднагалосная згода ўсіх дзяржаў-членаў ЕС, якой пакуль дасягнуць не ўдалося.
iar/эж