Еўрапейскі Саюз не разглядае сябе ў ролі пасярэдніка ў расійска-ўкраінскай вайне, аднак будзе настойваць на ўдзеле ў будучых мірных перамовах. Пра гэта на завяршэнне саміту Еўрапейскай рады ў Бруселі заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Паводле яго, Еўропа мае права быць за сталом перамоваў дзякуючы падтрымцы, якую аказвае Украіне з пачатку расійскага ўварвання:
— Упершыню пасля прыходу да ўлады новай адміністрацыі ЗША Еўропа і Злучаныя Штаты адзінадушна пацвердзілі сваю падтрымку Украіны: ваенную дапамогу, фінансаванне яе энергетычнай інфраструктуры, падтрымку санкцый супраць Расіі і ўзмацненне ціску на яе. Еўрапейскі саюз таксама мае больш моцную пазіцыю — упершыню са снежня 2024 года ўсе 27 дзяржаў-членаў узгаднілі агульныя высновы адносна Украіны.
Французскі лідар таксама паведаміў, што ЕС рыхтуецца ўзмацніць санкцыі супраць расійскага нафтагазавага сектара ў рамках 21-га пакета санкцый. Гэтае рашэнне адпавядае дамоўленасцям, дасягнутым раней на саміце G7.
iar/эж