Беларуская Служба

Украінскі жаўнер: нам пільна патрэбна авіяцыя, каб спыніць расіян

11.10.2024 11:20
Для эфектыўнай абароны ад акупантаў украінскай арміі больш за ўсё патрэбная авіяцыя і цяжкая тэхніка.
Ілюстрацыйны здымакEPA/SERGEY KOZLOV Dostawca: PAP/EPA.

У сувязі з усё больш складаным становішчам на фронце Украіне тэрмінова патрэбна ваенная падтрымка. Пра гэта распавёў падчас сустрэчы з журналістамі ў Варшаве вядомы ўкраінскі паэт і вайсковец 68-й асобнай брыгады Узброеных сіл Украіны Паўло Вышэбаба на мянушку «Капелан».

Падраздзяленне, у якім ён служыць, цяпер ваюе на Пакроўскім напрамку Данецкай вобласці. Як падкрэсліў вайсковец, для эфектыўнай абароны ад акупантаў украінскай арміі больш за ўсё патрэбная авіяцыя і цяжкая тэхніка.

«Перавага праціўніка ў паветры абсалютная. Гэта тое, у чым мы цяпер не маем шанцаў зраўняцца з Расіяй», — адзначыў ён.

Украінскі вайсковец таксама паведаміў, што з 80 адзінак цяжкай тэхнікі, перададзеных яго брыгадзе ЗША на пачатку вайны, цяпер засталося толькі 20.

Як дадаў Павал Вышэбаба, кулі рознага калібру таксама вельмі патрэбныя на фронце. Ён адзначыў, што мінамётныя боепрыпасы з'яўляюцца адным з галоўных прыярытэтаў.

ПР/юл