Еўрасаюз неўзабаве ўвядзе санкцыі супраць асоб і арганізацый, звязаных з перадачай Іранам балістычных ракет Расійскай Федэрацыі. Пра гэта паведамілі два еўрапейскія дыпламаты і высокапастаўлены чыноўнік ЕС, піша УНІАН са спасылкай на Reuters.
Адзін з дыпламатаў падкрэсліў, што міністры замежных спраў ЕС увядуць санкцыі супраць 14 асоб і арганізацый, якія дапамагалі ў пастаўцы ракет, у тым ліку авіякампаній. Пры гэтым еўрачыноўнікі не сказалі, што гэта за кампаніі ці асобы. Раней дыпламаты паведамлялі, што абмежаванні могуць быць ужытыя супраць нацыянальнай авіякампаніі Iran Air.
У сваю чаргу прадстаўнікі ЕС адзначылі, што паміж еўрапейскімі краінамі працягваюцца спрэчкі аб тым, ці варта ўжываць санкцыі супраць магутнай ваеннай сілы Ірана - Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.
У ЕС паступіла інфармацыя аб тым, што Іран плануе перадаць Расіі балістычныя ракеты. Было адзначана, што пастаўка балістычных ракет будзе азначаць «значную матэрыяльную эскалацыю падтрымкі Іранам незаконнай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны».
У той жа час прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян заявіў, што яго краіна не пастаўляла Расіі ніякай зброі з моманту яго ўступлення на пасаду ў канцы ліпеня. Ён адзначыў, што вайну ва Украіне нібыта «справакавалі краіны НАТА, парушыўшы абяцанне не пашырацца на ўсход».
Паводле УНІАН
нг