Расія і Украіна абмяняліся ў пятніцу ваеннапалоннымі — па 95 чалавек кожны бок — у рамках пагаднення, дасягнутага пры пасярэдніцтве Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, паведамляе reuters са спасылкай на Міністэрства абароны Расіі. Абмен палоннымі пацвердзілі ўкраінскія ўлады, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
Як піша Reuters, прыватная расійская група, якая прадстаўляе інтарэсы ваеннапалонных, апублікавала спіс згаданых людзей і заявіла, што большасць з іх былі захопленыя ў Курскай вобласці, дзе ўкраінскія войскі вядуць наступ са жніўня.
Расійскае ведамства ў Telegram паведаміла, што вызваленыя расійскія вайскоўцы праходзяць медагляд у Беларусі.
Украінскі бок пацвердзіў, што ў выніку 58-га абмену ваеннапалоннымі ва Украіну вярнуліся 95 абаронцаў Украіны, у тым ліку 48 «асуджаных» у РФ на працяглыя тэрміны зняволення, паведамілі ўкраінскія ўлады.
«Спецыфіка гэтага абмену ў тым, што многія ўкраінцы, якія атрымалі т. зв „прысуд“ ад сістэмы правасуддзя краіны-агрэсара і былі „асуджаныя“: 28 да працяглых тэрмінаў зняволення і 20 да пажыццёвага зняволення за абарону ўласнай зямлі ад агрэсара», — гаворыцца ў заяве ўладаў, апублікаванай у Telegram.
Сярод вызваленых — 69 салдат і сяржантаў і 26 афіцэраў, многія з вызваленых пакутуюць ад цяжкіх захворванняў і наступстваў цяжкіх раненняў, а таксама значнай страты вагі з-за катаванняў і недаядання.
На сённяшні дзень з расійскага палону вызвалена 3767 чалавек. У лютым г. г Упаўнаважаны па правах чалавека Украіны Дмытро Лубінец заявіў, што ў расійскім палоне знаходзяцца каля 28 тысяч украінцаў, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
PAP/яс