У чацвер прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў Польшчу, заявіўшы, у тым ліку, што Кіеў беспаспяхова прасіў Варшаву абараніць газасховішчы ў Стрыі.
Уладзімір Зяленскі, якога цытуе сайт РБК Украіна, сярод іншага сказаў: «Мы дамовіліся з НАТА накіраваць у Польшчу самалёты саюзнікаў, каб Варшава магла перадаць Кіеву старыя знішчальнікі МіГ-29. Аднак гэтага не адбылося».
«З Польшчай у нас добрасуседскія адносіны. Ёсць розныя выклікі, мы ўвесь час прасілі Польшчу збіваць ракеты, якія ідуць у бок Польшчы. У нас ёсць склады газу ў Стрыі, адкуль ідуць пастаўкі для ўсёй краіны і ад гэтага залежыць наша жыццё», — звярнуў ён увагу.
Паводле слоў Зяленскага, Украіна папрасіла Польшчу абараніць гэты горад у Львоўскай вобласці, бо не мае дастаткова тэхнікі.
«Што робяць палякі? Збіваюць (ракеты)? Не. Палякі сказалі, што гатовыя гэта зрабіць, калі НАТА прыме такое рашэнне», — дадаў ён.
Зяленскі таксама паведаміў, што дамовіўся з тагачасным генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам аб накіраванні ў Польшчу «паліцэйскай місіі» да кастрычніка.
«Паліцэйская місія — гэта самалёты НАТА. Мы вельмі хацелі атрымаць МіГі ад Польшчы, але яны не змаглі нам іх даць, таму што ў іх не хапала сваіх. Таму мы дамовіліся з НАТА накіраваць ім паліцэйскую місію, як і нашы балтыйскія сябры. Так мы і дамовіліся. А што было потым? Польшча нам самалёты дала? Не. Яны знайшлі іншую прычыну», — сказаў Зяленскі.
«Мы дамовіліся аб гэтым. І што пасля гэтага? Польшча нам самалёты дала? Не. Знайшлі іншую прычыну? Так. Ці іншыя краіны аб’ядналіся вакол Польшчы і сказалі: так, мы суседзі, будзем збіваць і самалёты, і СПА? Не. Калі яны вырашылі не збіваць гэтыя ракеты МіГамі, мы папрасілі перадаць нам МіГі, яны будуць стаяць дзесьці ў Заходняй Украіне і будуць іх збіваць», — сказаў Зяленскі.
Віцэ-прэм'ер, кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш у пасце на платформе X падкрэсліў, што «Польшча перакінула ва Украіну як мага больш вайсковай тэхнікі». Ён таксама падкрэсліў, што «мяжой з'яўляецца абароназдольнасць і бяспека Польшчы».
Міністр нацыянальнай абароны таксама падкрэсліў, што «рашэнне збіваць ракеты — гэта заўсёды адказ усяго НАТА, а не адной краіны.
«Сёння такога рашэння Альянсу няма», — адзначыў Касіняк-Камыш.
Раней кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча накіравала Украіне дапамогі на суму больш за 200 мільярдаў еўра. Кіраўнік польскай дыпламатыі адзначыў, што сярод краін, якія дапамагаюць Украіне ў розных вымярэннях, Польшча зрабіла больш, чым любая іншая краіна ў прапорцыі да ВУП.
«У нас з Украінай інтэнсіўны дыялог і ў сферы бяспекі. Украіна мае амаль 300 нашых танкаў, шмат цяжкай тэхнікі, у тым ліку самалёты», — пералічыў міністр.
Сікорскі таксама падкрэсліў, што «мы спрабуем дапамагчы, але мы таксама прыфрантавая краіна». «Нам пагражае і Расія, і не ўсё магчыма», — адзначыў ён.
PAР/вх