Беларуская Служба

Распад кааліцыі ў Нямеччыне паставіў пад пагрозу пастаўкі дронаў Украіне - Spiegel

15.11.2024 16:12
Гаворка ідзе пра 812 разведвальных беспілотнікаў коштам 153 мільёны еўра.
- Warmate    WB Group
Беспілотнік-камікадзэ Warmate вытворчасці польскай кампаніі WB Group крыніца: WB Group

Пасля распаду ўрадавай кааліцыі ў Нямеччыне існуе пагроза зацягвання рашэння па далейшых пастаўках зброі ва Украіну, у прыватнасці, па пастаўках беспілотнікаў, піша «Der Spiegel».

Перад распадам кааліцыі канцлер Олаф Шольц абмяркоўваў пытанне аб выдзяленні дадатковых трох мільярдаў еўра на ваенную падтрымку Украіны. У гэтым годзе нямецкі ўрад ужо перадаў Украіне ўзбраення на суму амаль 8 мільярдаў еўра і вычарпаў бюджэт на гэтыя выдаткі.

Украіна настойвае на прыняцці рашэнняў аб далейшых пастаўках зброі да датэрміновых парламенцкіх выбараў у Нямеччыне.

«Неабходна зрабіць усё, каб забяспечыць бесперашкодную рэалізацыю запланаваных заказаў і фінансаванне дадатковай дапамогі ў новым годзе», заявіў пасол Украіны Аляксей Макееў у інтэрв'ю Spiegel.

На далейшых пастаўках зброі настойвае таксама міністр замежных спраў Нямеччыны Анналена Баербок. Міністр выступае за хуткае фінансаванне паставак, па магчымасці, да канца гэтага года або ў пачатку наступнага 2025 года.

Адзначаецца, што ў гэтым годзе Нямеччына паставіла Украіне 348 разведвальных дронаў Vector, яшчэ адзін пакет з 127 дронаў павінен прыбыць на фронт да канца года.

Таксама запланавана пастаўка да 4000 баявых дронаў яшчэ іншага нямецкага вытворцы. Украіна пакуль устрымліваецца ад раскрыцця падрабязнасцяў аб тыпе гэтых беспілотнікаў.

unian.ue/яс