Беларуская Служба

Украіна: Галоўны ваенны псіхіятр падазраецца ў атрыманні хабару на суму 1 мільёна долараў

21.01.2025 15:43
Менш чым за тры гады доктар набыў некалькі кватэр, зямельныя ўчасткі  і люксавыя аўтамабілі.
Дом затрыманага галоўнага вайсковага псіхіятраhttps://t.me/SBUkr/13846

Служба бяспекі Украіны затрымала галоўнага вайсковага псіхіятра, які, паводле следства, незаконна ўзбагаціўся падчас вайны. Ён падазраецца ў тым, што выдаваў вызваленне ад вайсковай службы ў абмен на хабар.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе СБУ, галоўны ваенны псіхіятр адначасова быў намеснікам начальніка Цэнтральнай ваенна-ўрачэбнай камісіі. Па дадзеных следства, ён прыняў актывы на суму каля 1 мільёна долараў з пачатку поўнамаштабнай вайны.

Менш чым за тры гады доктар набыў кватэры ў Кіеве, Адэсе, зямельныя ўчасткі пад Кіевам і чатыры люксавыя аўтамабілі. Падчас ператрусаў супрацоўнікі службы бяспекі знайшлі ў яго больш за 150 тысяч долараў наяўнымі.

Затрыманаму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Лекара падазраюць у незаконным узбагачэнні і прадстаўленні непраўдзівых звестак. Гэта не першы выпадак такога кшталту.

Украінскія следчыя органы раней неаднаразова паведамлялі аб затрыманнях супрацоўнікаў ваенкаматаў, якія прадавалі пасведчанні аб непрыдатнасці да вайсковай службы.

IAR/яс