Беларуская Служба

Кіраўнікі камітэтаў замежных спраў сямі краін Еўропы заклікаюць да непахіснасці ў дачыненні да Расіі

26.04.2025 08:10
Кіраўнікі парламенцкіх камітэтаў замежных спраў Латвіі, Літвы, Эстоніі, Чэхіі, Украіны, Францыі і Вялікабрытаніі заклікаюць ЗША ў сумеснай заяве, апублікаванай у пятніцу, не саступаць шантажу і падману Расіі ў пытаннях, якія тычацца Украіны.
Illustrative photo.
Illustrative photo.Shutterstock/artjazz

«Мы, кіраўнікі камітэтаў замежных спраў еўрапейскіх парламентаў, заклікаем прэзідэнта (Дональда) Трампа і Кангрэс ЗША прадэманстраваць сапраўднае лідарства ў супрацьстаянні пагрозе, якую ўяўляе Расія, будучы дзяржавай-агрэсарам», — гаворыцца ў паведамленні парламентарыяў.

Аўтары ліста заклікаюць да «заканчэння палітыкі задавальнення агрэсара» ў дачыненні да Масквы і да замены яе сумеснай, рашучай пазіцыяй у адносінах да расійскага рэжыму. «Мы рашуча папярэджваем аб саступках перад шантажом і хітрыкамі Крамля», — напісана ў заяве.

«Не можа быць кампрамісаў і знешняга ціску на Украіну ў пытаннях, якія тычацца яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці», — падкрэсліваюць парламентарыі.

Яны таксама заклікаюць краіны Еўрапейскага Саюза паскорыць уступленне Украіны ў супольнасць. «Мы не можам паўтараць памылку Мюнхена 1938 года. Мы заклікаем усе краіны, — працягваюць падпісанты ліста, — зрабіць так, каб Уладзімір Пуцін і ўсе тыя, хто з'яўляецца саўдзельнікам яго злачынстваў, паўсталі перад правасуддзем. Трывалы мір і бяспека немагчымыя без адказнасці за ваенныя злачынствы, учыненыя яго рэжымам».

Заява была апублікавана ў пятніцу пасля абеду, у той жа дзень часопіс Time апублікаваў інтэрв'ю з Трампам, у якім прэзідэнт заявіў, што «Крым застанецца ў Расіі», і дадаў, што «ўсе разумеюць, што (Крым) быў расійскім доўгі час (...). (Расіяне) мелі там свае падводныя лодкі шмат гадоў. Людзі ў Крыме ў значнай ступені размаўляюць па-руску».

PAP/вх