Прэзідэнцкая кампанія ў Польшчы пераносіцца ў інтэрнэт. Кандыдаты ў прэзідэнты заахвочваюць да галасавання на сябе як на сваіх каналах у сацсетках, так і праз платную рэкламу. Тым, хто найбольш траціць на прэзідэнцкую кампанію ў інтэрнэце, пацікавіліся Wirtualnemedia.pl.
Паводле сайта, з моманту афіцыйнага старту кампаніі, то бок 15 студзеня, да 31 сакавіка выбарчыя штабы кандыдатаў выдаткавалі на прасоўванне ў асяроддзі Google агулам амаль 22 602 еўра (94 250 злотых). Рафал Тшаскоўскі (кандыдат ад кааліцыйных сілаў) набыў у Google толькі адну відэарэкламу за амаль 180 еўра (750 злотых).
Затое камітэт Караля Наўроцкага выдаткаваў на гэтыя мэты ў некалькі дзясяткаў разоў больш — за шматразовую трансляцыю чатырох відэарэклам ён заплаціў больш за 20 623 еўра (86 тысяч злотых). У сваю чаргу спікер Сейма Шымон Галоўня – кандыдат ад «Польшчы 2050» - выдаткаваў на гэта амаль 480 еўра (2 000 злотых), з якіх рашучую большасць на тэкставую рэкламу.
Тым часам кандыдат Гжэгаж Браўн - ультраправы кандыдат, вядомы сваімі антысеміцкімі і антыеўрапейскімі поглядамі, інвестуе выключна ў відэарэкламу. За чатыры месцы ён заплаціў за іх больш за 779 еўра (3 250 злотых).
У сваю чаргу Камітэт кандыдата ад левай Партыі «Разам» Адрыяна Зандбэрга набыў тут 44 платныя аб’явы, у большасці тэкставыя, за 539,5 еўра (2 250 злотых).
У сваю чаргу, да канца сакавіка на прасоўванне сваіх кандыдатураў у Google нічога не прызначылі кандыдатка ад «Левых сілаў» Магдалена Беят і кандыдат ад ультраправай «Канфедэрацыі» Славамір Мэнцэн.
Кандыдаты аддаюць перавагу Facebook i Instagram
У сваю чаргу, паводле дадзеных Meta, за апошнія 90 дзён лідарам па выдатках на рэкламу ў Facebook і Instagram стаў Рафал Тшаскоўскі. Яго камітэт аплаціў 137 рэкламных аб'яваў на суму 88 489 еўра (больш за 369 000 злоты). У той жа час Караль Наўроцкі набыў 88 рэкламных аб'яваў за больш за 30 455 еўра (амаль 127 000 злотых). За 195 рэкламаў Славамір Мэнцэн заплаціў амаль 11 511 еўра (больш за 48 000 злотых), а каманда Шымана Галоўні - амаль 26 379 еўра (больш за 110 000 злотых).
У сваю чаргу выбарчы штаб Магдалены Беят выдзеліў на гэтыя мэты 5 108 еўра, Адрыяна Зандберга - амаль 1 295 еўра, а Гжэгажа Браўна - амаль 2 710 еўра.
Больш за ўсіх выдаткавaў прэзідэнт Варшавы
Агулам на платнае прасоўванне ў сістэмах Google i Meta ў першыя месяцы выбарчай кампаніі больш за ўсё выдаткаваў выбарчы штаб Рафала Тшаскоўскага – больш за 95 923 еўра (каля 400 тысяч злотых) і Караля Наўроцкага – больш за 51 000 еўра (амаль 213 тысяч злотых). Найменш на гэтую мэту выдаткаваў Адрыян Зандбэрг – больш за 1 827 еўра (7 620 злотых).
аз