Беларуская Служба

Эксперт: Выбары ў Беларусі і Польшчы - гэта супрацьлеглыя полюсы

23.04.2025 15:46
У Польшчы праходзіць прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Лукашэнкаўскія прапагандысты ўжо заявілі, што гэта «выбары без выбару». На польскіх выбарах ёсць інтрыга, сапраўдная барацьба і падлік галасоў,  тады як у Беларусі - тэрор ды фальсіфікацыі, нагадвае эксперт.
Аўдыё
  • Чым адрозніваюцца выбары ў Беларусі і Польшчы - размова з палітолагам Аляксандрам Лагвінцом
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Marcin Gadomski/ ЦВК Беларусі/t.me/cikbelarus

Чым яшчэ адрозніваюцца выбары ў Польшчы ад беларускіх выбарчых кампаній? Пра гэта размова з палітолагам.

На днях у Кракаве прайшлі давыбары ў Сенат. Месца Багдана Кліха з Грамадзянскай платформы (ПО) ў Сенаце зойме Моніка Пёнткоўска, якая прадстаўляе кіроўную кааліцыю ПO, Польскай сялянскай партыі (ПСЛ) і левых. 

Паводле афіцыйных вынікаў Нацыянальнай выбарчай камісіі, Моніка Пёнткоўска здабыла 50,14% падтрымкі. Матэвуш Маладзінскі, які балатаваўся пры падтрымцы апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» (ПіС), атрымаў 31,41% галасоў. Адам Беркавіч з руху «Канфедэрацыя» - прыватна, бацька дэпутата Конрада Берковіча здабыў 10,47% падтрымкі.

Штодзёнка «Gazeta Wyborcza» назвала гэтыя выбары тэстам перад прэзідэнцкімі выбарамі, і падсумавала, што Рафал Тшаскоўскі можа спаць спакойна, бо ПО адстаяла сваё месца ў сенаце ў Кракаве.

Апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 30,4% выбаршчыкаў заявілі, што прагаласуюць за кандыдата ад РО Рафала Тшаскоўскага, за кандыдата ПіС Караля Наўроцкага — 24,9%, за кандыдата ад руху «Канфедэрацыя» Славаміра Менцэна — 12,9%, за кандыдата ад кааліцыі «Трэці шлях» (ПСЛ і рух «Польшча 2050») Шымана Галоўні — 7,3%.

Гэтыя лічбы выразна адрозніваюцца ада таго, што мы ўбачылі ў студзені ў Беларусі, дзе адбыліся чарговыя «прэзідэнцкія» выбары, на якіх перамог Лукашэнка. Паводле дадзеных ЦВК за яго «прагаласавалі» 86,8% беларусаў. Іншыя канкурэнты здабылі мінімальную падтрымку: Сяргей Сыранкоў —3,21% галасоў, Алег Гайдукевіч —2,02%, Ганна Канапацкая —1,86%.

Пра тое, чым адрозніваюцца выбары ў Беларусі і Польшчы мы паразмаўлялі з палітолагам Аляксандрам Лагвінцом, які,  асабіста некалькі разоў удзельнічаў у выбарах у Беларусі.

— Трэба пачынаць з агульнага кантэксту. У Польшчы сёння няма атмасферы тэрору, няма палітычных рэпрэсій, няма грамадзянскай вайны. Хаця некаторыя  польскія каментатары кажуць пра «польска-польскую» вайну. Але яна мае палітычнае вымярэнне, канкурэнцыю розных палітычных сілаў. Ёсць значна палітычнае разыходжанне, але выбары ў Польшчы адрозніваюцца абсалютна ўсім ад таго, што так называецца ў Беларусі. Лукашэнка ўжо даўне не выйграваў на выбарах. Ён толькі пачаў рэпрэсіі, узровень грамадскага абмеркавання ды магчымасці ўдзелу ў палітычным жыцці практычна звужаны да нуля. За любое меркаванне, якое не супадае з афіцыйным, - можна атрымаць зняволенне. У Беларусі няма падліку галасоў на выбарах. Камісіі падаюць вынікі, якія не адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню нашых грамадзян.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле