Беларуская Служба

«Мірны дом» з'яўляецца адзіным бясплатным прытулкам для бежанцаў з Беларусі ў Варшаве

06.05.2021 10:03
Фонд імя Славы і Ізэка Валасяньскіх Humanosh стварыў «Мірны дом» — хостэл для тых, кто ўцёк з Беларусі ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". К.Абуховіч-Скопец пра "Мірны дом" у Варшаве.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Mirnyjdom.pl

Не спыняецца хваля бежанцаў з Беларусі, якія ратуюцца ў Польшчы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Ім неабходна дапамога, перш за ўсё жыллё, праца і веды польскай мовы.

Фонд імя Славы і Ізэка Валасяньскіх Humanosh (Fundacja im. Sławy i Izka Wołosiańskich Humanosh) на працягу многіх гадоў аказвае падтрымку бежанцам у Польшчы. Цяпер фонд дбае і пра беларусаў, для якіх стварыў “Мірны дом”, які стаў часовым прытулкам для тых, кто ўцёк ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і пільна патрабуе даху над галавой у Польшчы.

Катажына Абуховіч-Скопец, сузаснавальніца Фонду імя Славы і Ізэка Валасяньскіх Humanosh: — Фонд узнік з мэтай увекавечыць дзейнасць маіх дзядоў — Славы і Ізыдара Валасяньскіх. Падчас Другой сусветнай вайны яны ўратавалі 39 яўрэяў у Драгобычы (цяпер горад у Львоўскай вобласці Украіны. — Рэд.). Мае продкі сябравалі да канца жыцця з уратаванымі ім людзьмі.

15 гадоў таму я са сваімі дзвюма дочкамі пачала дапамагаць палітычным бежанцамі з Тыбета. Мы ўбачылі, што палітычныя бежанцы, якіх Польшча прымае, апынаюцца ў некамфортных умовах, якія не адпавядаюць нормам ХХІ стагоддзя.

Катажыне Абуховіч-Скопец спагаду да прадстаўнікоў іншых народаў і традыцый перадалі продкі, якія да вайны жылі ў Драгобычы.

Катажына Абуховіч-Скопец: — У мястэчку жылі 100 тысяч чалавек. Трэць з іх была яўрэямі, трэць палякамі і трэць украінцамі. І да Другой сусветнай вайны мястэчка жыло нармальным жыццём, без істотных праблем.

Катажына Абуховіч-Скопец падкрэслівае, што яе продкі падтрымлівалі адносіны і з палякамі, і з украінцамі, і з яўрэямі.

Катажына Абуховіч-Скопец: — Не было важна, хто быў якой нацыянальнасці, важны быў чалавек. І я так жа была выхавана — перш за ўсё бабуляй, бо дзед памёр у 1971 годзе.

Падобная сямейная гісторыя і ў майго мужа Пятра. Яго маці нарадзілася ў Ковелі (цяпер горад у Валынскай вобласці Украіны. — Рэд.), а бацька ў Драгічыне (раённы цэнтр у Брэсцкай вобласці Беларусі. — Рэд.). І яны выхаваліся ў многакультурнай супольнасці. Мы таксама лічым, што чалавек павінен быць чалавекам, не важна, якой ён рэлігіі ці адкуль паходзіць. І кожны мае права на годнае жыццё.

“Мірны дом” — гэта праект, які ажыццяўляюць Катажына Абуховіч-Скопец, Дар'я Ярмоцык, Караліна Маціньская і Ірэна Дылеўская разам з валанцёрамі з Беларусі. Дапамогай беларусам Катажына Абуховіч-Скопец занялася яшчэ летась.

Катажына Абуховіч-Скопец: — Да мяне па дапамогу звярнулася мая сяброўка Яна, беларуска, якая 15 гадоў жыве ў Польшчы і актыўна дапамагае палітычным бежанцам з Беларусі. Усё пачалося з таго, што ў мяне дома жыло больш за 10 чалавек, а потым мы знаходзілі жыллё для наступных сямей. І ўрэшце мы прыйшлі да вываду, што лепш за ўсё было б стварыць такое месца, такі дом, дзе беларусы спачатку маглі б жыць разам, дапамагаючы, падтрымліваючы адно аднаго. Тут у іх быў бы час зарыентавацца, дзе яны хацелі б застацца, ці ў Варшаве, ці ў іншым месцы. Бо адразу вырашыць, дзе пасяліцца ў Польшчы, практычна немагчыма.

Ад ідэі стварэння “Мірнага дома” для беларусаў да поўнага яе ажыццяўлення прайшло ўсяго 4 месяцы. За гэты час быў праведзены аўкцыён твораў мастацтва, прыбытак ад якога быў накіраваны на арэнду будынка, што стаў “Мірным домам”. Першыя яго жыхары дапамагалі ў рамонце будынка, а цяпер клапоцяцца пра парадак унутры і вакол яго.

Катажына Абуховіч-Скопец: — Гэта арэндаваны будынак на вул. Аксамітнай у Варшаве. Яго цалкам зняў наш фонд. Мы правялі аўкцыён твораў мастацтва, каб сабраць на гэта грошы. А цяпер праводзім збор сродкаў на тое, каб дапамагчы беларусам стаць на ногі ў першыя тры месяцы, знайсці працу, аформіць паперы. Насельнікаў дома мы таксама вучым польскай мове. Цяпер з гэтай мэтай арганізаваны анлайн-курсы, што абумоўлена эпідэміяй COVID–19. І цяпер у нас многа падапечных.

Спачатку, калі мы ўзялі ў арэнду гэты дом, у сярэдзіне лютага, там жылі некалькі чалавек. Яны дамагалі абсталяваць будынак. Цяпер там жыве 11 чалавек, але можа быць да 20. У кожным пакоі могуць жыць да чатырох чалавек. Усё залежыць ад таго, з якой колькасці чалавек складаюцца сем’і.

“Мірны дом” — гэта своеасаблівы інтэрнат, хостэл. Акрамя жылых пакояў, тут будуць пакой для адукацыйных заняткаў, бібліятэка.

Катажына Абуховіч-Скопец: — Няма іншага бясплатнага прытулку ў Варшаве, дзе беларусы маглі б пасяліцца. Але я ведаю, што ёсць такія ў Беластоку, Гданьску. Але ў Варшаве дагэтуль не было такога месца.

Мы будзем збіраць сродкі на тое, каб гэты дом далей існаваў і мог прымаць наступных людзей.

Сярод цяперашніх насельнікаў інтэрната ёсць цесляры, будаўнікі, зваршчыкі, маляры, аўтамеханікі, і для іх працы неабходна абсталяванне. Фонд Humanosh хоча даць магчымасць гэтым людзям працаваць па спецыяльнасці, стаць незалежнымі і годна жыць. З гэтай мэтай фонд Humanosh шукае сродкі. А некаторых людзей ужо змаглі працаўладкаваць.

Катажына Абуховіч-Скопец: — Тры чалавекі ўжо працуюць у нашага знаёмага. Паціху становяцца на ногі. Цяпер, як вядома, на рынку працы вельмі складаная сітуацыя. Праблемы ёсць не толькі ў беларусаў ці ўкраінцаў, але і ў палякаў. І таму мы цяпер імкнёмся да таго, каб купіць для жыхароў “Мірнага дома” абсталяванне — сталярскае ці для выканання дробных рамонтаў.

Катажына Абуховіч-Скопец: — Удалося знайсці працу яшчэ некалькім беларусам. Адна дзяўчына працуе ў рэстаране. Адзін хлопец працуе на дастаўцы на веласіпедзе. Зрэшты, беларусы — майстры на ўсе рукі. Бо да гэтага змушае сітуацыя.

Больш падрабязна пра збор сродкаў для дапамогі беларусам, якія жывуць у “Мірным доме”, можна прачытаць на сайце Mirnyjdom.pl.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаве адкрыўся Дом міру для бежанцаў з Беларусі

18.02.2021 15:02
Беларусам у Польшчы дапамагае фонд Humanosh, яго сузаснавальніца Катажына Скопец і мастачка Яна Шостак.