2019 год прайшоў пад знакам 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. Яна пачалася з нападу нацысцкай Германіі на Польшчу. Затым на Польшчу напаў Савецкі Саюз. Да СССР была далучана Заходняя Беларусь. Як на гэтыя падзеі глядзелі беларускія нацыянальныя дзеячы, прыхільнікі незалежнасці Беларусі?
Некаторыя беларускія дзеячы, якія жылі ў даваеннай Польшчы, рабілі выгляд, што падтрымліваюць польскую дзяржаву. Беларускае асветнае таварыства ў Варшаве незадоўна да пачатку вайны ўхваліла рэзалюцыю, у якой чытаем: “Вайна непазбежная, аднак беларусы, як лаяльныя грамадзяне, аддадуць свае жыцці ў абароне граніц Польшчы як сваёй сённяшняй Айчыны”. Але гэта дэкларацыя была няшчырая. Беларускія дзеячы хацелі такім чынам пазбегнуць рэпрэсій, каб іх не чапалі. Рэальныя настроі сярод беларускай інтэлігенцыі былі зусім іншыя. Пра некаторыя аспекты гэтага пытання на навуковай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце «Падзеленая / ўз’яднаная краіна: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года» разважаў гісторык з ВУ Юры Грыбоўскі.
Юры Грыбоўскі на навуковай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце «Падзеленая / ўз’яднаная краіна: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года». Фота: Viktar Korbut
Юры Грыбоўскі: — Настроі, якія напярэдадні і ў пачатку вайны панавалі сярод беларускіх дзеячаў, яскрава адлюстроўваюць словы і думкі старшыні Рады БНР Васіля Захаркі. Усведамляючы набліжэнне вайны ў Еўропе, у сакавіку 1939 г. Захарка пісаў: “Што надуты нямецкі да адказу нямецкі балон мусіць быць пушчан для палёту, для мяне гэта ясна, бо інакш ён праз некаторы час можа разарвацца на мейсцы. Але што каму прынясе гэты палёт прадугадаць немагчыма. Думаючы аб вядомым паходзе на ўсход, нельга не думаць і аб тым, як аднесціся да яго. Кожнаму з нас — беларусаў і ўкраінцаў — павінна быць ясна, што горшага ад таго, што мы маем на сваіх землях цяпер, быць ужо не можа. Дзеля развалу існуючага статус-кво можна пайсці хоць з самым чортам. Так, развал прыемлім, але што чакае нас пасля развалу, ніхто не ведае. Як бы там не было і што б там не судзіў лёс у будучыне, але цяпер страх перад Нямеччынай, якім апанаваны нашы ворагі, дапамагае нашай справе. З гэтае прычыны я лічу, што нашыя выступленні супраць Нямеччыны некарысныя нам самім. Калі Нямеччына захоча, то ўсё роўна пойдзе на ўсход з намі, альбо без нас. Калі нельга зусім адкінуць думкі, каб пры гэтым паходзе што-колечы здабыць дзеля нашага вызвалення, тады нельга адкідаць таго, што не прыйдзецца прымаць удзелу ў гэным паходзе”.
Яшчэ ўвесну 1939 г. гэты стары палітык сцвярджаў, што, на яго думку, найлепшым выхадам для беларусаў ва ўмовах бягучай міжнароднай сітуацыі было б атрыманне шырокай аўтаноміі ў межах Польшчы. Аднак з часам ён страціў надзею на паразуменне з Варшавай. І чым бліжэй было да пачатку канфлікту, тым штораз больш ён схіляўся ў бок Берліна. У адным з лістоў да паплечнікаў Захарка пісаў, што будучая вайна паставіць беларускае пытанне на парадку міжнароднай бягучай палітыкі. Захавалася багатая перапіска беларускіх дзеячаў, дзе яны не хавалі захаплення і не спачувалі тым падзеям, якія адбываліся. Захарка пісаў пасля 17 верасня 1939 г.: “Падзеі на Заходняй Беларусі? Вітаць іх ці сумаваць над імі? Адным ворагам менш. Можа, гэта лепш. Горш тое, што маскаль са сваімі метадамі выб’е ўсіх тых, хто ўцячы не паспее”.
Беларускія дзеячы чакалі, што адны перамены прынясуць іншыя, якія створаць новую гепалітычную сістэму, якую Беларусь зможа выкарыстаць. Захарка пісаў, што беларусы не павінны плакаць па “версальскай Еўропе”, бо яна ім нічога станоўчага не дала. Праўда, ён адначасова папярэджваў некаторых паплечнікаў, каб яны празмерна не разлічвалі на немцаў: “Песні салаўя прыгожая рэч, але, як вядома, яны бываюць прыгожыя толькі вясной. Я, напрыклад, згодзен на развал [версальскага ладу] і ўсялякую адказнасць за саюз з вядомай сілай, але ніяк не магу пагадзіцца з тым, што беларуская зямля і беларускія спіны паслужылі грунтам ці мастом да адбудавання нацыянальнай Расеі. Ніхто яшчэ не ведае, што на першым плане ў Нямеччыны: “единая и неделимая” ў саюзе з Нямеччынай ці незалежныя паасобныя дзяржавы на ўсходзе Еўропы. Аб гэтай сваёй засцярозе я нядаўна падзяліўся з сябрам Акінчыцам. Маючы на ўвазе развал старога і замену яго хоць трохі лепшым новым, можна закрыць вочы шмат на што і сунуцца ў балота, але толькі з той надзеяю, што гэта балота гісторыя абмые. Калі ж не будзе гэтай надзеі, то лепш ужо сядзець сухім на тым пяску, на якім мы сядзіма”. Гэтыя думкі адлюстроўваюць стан духу ўсяго беларускага нацыянальнага лагера ў той час.
Увесь беларускі нацыянальны лагер, які імкнуўся да дасягнення незалежнасці Беларусі, глядзеў на тыя падзеі і ацэньваў іх праз прызму тагачаснага геапалітычнага ладу — “версальска-рыжскага”, які існаваў паміж войнамі.
Беларускі рух у той час ужо даўно ўвайшоў у незалежніцкую фазу і ўсе беларускія дзеячы, і левыя, і правыя, імкнуліся да пабудовы ўласнай нацыянальнай дзяржавы. Яны ведалі, што беларуская нацыянальная справа ў міжваенны час не існавала на міжнароднай арэне. Вайна была для іх шансам. Бо ўсім было відавочна, што яна знішчае “версальскі лад”. Яны разумелі, што толькі вайна можа нешта змяніць. І, магчыма, на карысць беларускай справы.
20 красавіка 1939 г. старшыня Рады БНР Васіль Захарка выдаў мемарыял да ўлад ІІІ Рэйха, запэўніваючы, што “беларускі народ будзе дапамагаць кожнай сіле, якая дапаможа яму разбурыць тое пекла, у якім ён гэтак доўга варыцца і разбурыць тую вязніцу, у якой ён заключаны”. У гэтым мемарандуме Захарка падрабязна прадставіў становішча Беларусі ў даваенны перыяд, падкрэсліваючы несправядлівасці, якія беларусам прынёс “версальскі лад”. Пры гэтым у мемарандуме было мноства абвінавачванняў у адрас заходніх дэмакратый — Вялікабрытаніі і Францыі, якія, на думку старшыні Рады БНР, аддалі Беларусь у рукі суседзяў. Захарка падкрэсліваў, што беларусы заўсёды будуць супраць адбудовы “як вялікай Расеі, так і вялікай Польшчы”. У дакуменце Захарка таксама выказаў надзею, што ўлады ІІІ Рэйха, як “абаронца пакрыўджаных версальскім ладам народаў”, захочуць улічыць падчас вайны супраць СССР інтарэсы беларускага народа.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё