У перыяд навагодніх свят група настаўнікаў і вучняў са школ з выкладаннем беларускай мовы, якія знаходзяцца на Падляшшы, ва ўсходнім рэгіёне Польшчы, наведала Беларусь. Сярод іх былі педагогі і выхаванцы з пачатковай школы ў Орлі.
Марыя Томчук, дырэктар пачатковай школы ў Орлі: — У нашай вёсцы жыве многа беларусаў, а нашы дзеці могуць вывучаць беларускую мову ў школе. У нашай школе больш за 50% бацькоў выказалася за выкладанне беларускай мовы, і ўрокі адбываюцца тры разы на тыдзень.
Нашы настаўнікі штогод павышаюць сваю кваліфікацыю на курсах у Мінску.
А дзеці маюць магчымасць паехаць на экскурсіі. Апошняя такая паездка адбылася ў Мінск — 3 студзеня на навагоднюю ёлку ў Палац Незалежнасці з удзелам прэзідэнта Беларусі. У паездцы прымалі ўдзел дзеткі з іншых школ з усяго Падляшша, у т.л. з Беластока і Бельска-Падляшскага.
Вечарам 2 студзеня мы паглядзелі Мінск, наведалі калядны кірмаш, а 3 студзеня — Палац моладзі і Палац Незалежнасці. Дзеці маглі ўдзельнічаць у рабоце розных гурткоў, маляваць, рабіць здымкі, гуляць з іншымі дзецьмі. Былі апрача нас беларускія дзеці з Украіны і Расіі, а таксама з Беларусі. Мы пабачылі цудоўны святочны паказ. А дзеці атрымалі падарункі ад прэзідэнта Беларусі — па 2 кг слодычаў, талісманы, звязаныя з годам пацука і смарт-гадзіннікі.
На якой мове праходзіла свята?
Марыя Томчук: — Паказы адбываліся на рускай мове. Нашы некаторыя дзеткі таксама ўжо вывучаюць рускую мову — як другую замежную з чацвёртага класа.
Падчас паездкі мы з дзецьмі стараліся гаварыць па-беларуску, таксама яны чулі беларускую мову ў транспарце ў Мінску.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё