Беларуская Служба

Польскі грамадскі дзеяч: Усё, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе, было не дарма

10.02.2022 15:02
Збігнеў Глюза, стваральнік і старшыня фонду Ośrodek Karta, разважае пра сітуацыю ў Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". З.Глюза пра 40-годдзе Karty і Беларусь.
,  . 16  2020 .
Мінск, праспект Пераможцаў. 16 жніўня 2020 г.Commons.wikimedia.org/Максим Шикунец - собственная работа/CC BY 4.0

40 гадоў адзначае варшаўскі фонд Ośrodek Karta. Вядомы ў Польшчы і за мяжой, фонд з'яўляецца важным навуковым цэнтрам па вывучэнні гісторыі Польшчы і сумежных з ёю краін, у т.л. Беларусі. Яго гісторыя пачалася 40 гадоў таму, калі 4 студзеня 1982 года, ва ўмовах ваеннага становішча ў ПНР, пабачыў свет першы нумар падпольнага часопіса Karta.

Назва Karta шматзначная. Па-польску гэта і аркуш паперы, і старонка. Але на самай справе крыніцай назвы з'яўляецца алюзія да «Хартыі-77» — праграмнага дакумента, які стаў падставай для фарміравання групы палітычных дысідэнтаў у Чэхаславакіі, якая праіснавала з 1976 да 1992 г. Дарэчы, адтуль жа паходзіць назва беларускай арганізацыі «Хартыя-97».

Ва ўмовах ваеннага становішча вакол польскага часопіса Karta гуртаваліся дысідэнты — антыкамуністы, прыхільнікі прафсаюза «Салідарнасць», забароненага ўладамі ПНР.

Збігнеў Глюза, стваральнік і старшыня фонду Ośrodek Karta, прайшоўшы праз выпрабаванні часоў ваеннага становішча ў ПНР, падзяліўся сваім бачаннем цяперашняй, вельмі падобнай да тагачаснай польскай і нядаўняй украінскай, сітуацыі ў Беларусі. Збігнеў Глюза праводзіць перш за ўсё паралелі з Украінай. Ён тлумачыць, чаму там перамагла рэвалюцыя — Майдан.

Збігнеў Глюза:Я думаю, што на гэта паўплывала ўвогуле рашучасць грамадства. Гэта асабліва стала выразна адчувацца пасля трагедыі Нябеснай сотні — удзельнікаў Еўрамайдана, якія загінулі. У той момант аказалася, што дзяржаўнасць і самабытнасць Украіны з'яўляюцца каштоўнасцю.

Аднак калі пасля Майдана прэзідэнтам стаў алігарх — Парашэнка, то мне здавалася, што гэта будзе мець адмоўны вынік для краіны. Пэўны час захоўвалася двузначнасць: палітык, які прадстаўляў краіну, не адмаўляўся ад свайго бізнесу і эканамічных інтарэсаў. Аднак аказалася, што ўсё гэта было ў духу незалежнасці.

Мне здаецца, што вельмі важна, якія адносіны складваюцца паміж уладай — палітыкамі, якія прадстаўляюць краіну, і грамадствам. І мне здаецца, што ва Украіне гэтыя сувязі існуюць і з году ў году ўзмацняюцца.

У нейкі момант здавалася, што Майдан ва Украіне прайграў, што Украіна будзе вяртацца назад, на Усход. Але ж не! Аказваецца, праеўрапейскі, дэмакратычны дух моцны!

А што будзе з Беларуссю?

Збігнеў Глюза:У мяне такое адчуванне, што беларуская алігархія шчыльна звязана з уладамі. У гэтым выпадку не відаць ніякіх адносін, сувязей паміж грамадствам і той групай, якія прадстаўляе дзяржаву.

А гэты самазваны “прэзідэнт” проста бандыт. Ён выкарыстоўвае абсалютна бандыцкія механізмы з мэтай паралічу грамадства. Але такім чынам яму не ўдасца атрымаць падтрымку грамадства, пераканаць у тым, што ён мае рацыю.

Памятаеце, як у 2020 г. Лукашэнка выйшаў да сваіх людзей аўтаматам Калашнікава, паказваючы, што ён тут улада, сіла? Мне здаецца, што гэта быў той момант, у якім былі разарваны адносіны паміж ім і грамадствам. І калі раней яму ўдавалася падтрымліваць адносіны з грамадствам, то ў той момант усё скончылася.

Але такім чынам немагчыма падавіць усе грамадствы, прывесці да таго, што яны цалкам падпарадкуюцца. Так немагчыма кіраваць на працягу дзесяцігоддзяў.

Таму мне здаецца, што перш за ўсё Украіна, а затым Беларусь і, урэшце, Расія пачнуць рэфармавацца на карысць інтарэсаў грамадства: г.зн. грамадства будзе мець большае значэнне, чым цяпер.

Збігнеў Глюза спадзяецца, што Беларусь пойдзе па шляху вызвалення, якім ідзе Украіна.

Збігнеў Глюза:Калі б такі вызваленчы рух пачаўся ў Беларусі, то многія людзі да яго далучыліся б. Там многа такіх людзей. Яны цяпер часта з’язджаюць з Беларусі. І ў Польшчы ўжо такіх людзей, прадстаўнікоў гэтага вызваленчага руху, шмат.

Тормазам у сітуацыі Беларусі з’яўляецца тое, што ў краіне няма палітычнага прадстаўніцтва апазіцыі. Гэта асабліва відавочна стала падчас падзей жніўня — канца 2020 г. Не хапала арганізаванага кіраўніцтва, хаця б у эміграцыі. Гэта было неабходна.

Але ў выніку тыя, хто ў Беларусі прадстаўлялі вызваленчы рух, былі вельмі проста рэпрэсіраваны. Аднак мне здаецца, што ўсё роўна вынік тых падзей не быў адмоўны. Гэта быў працэс, які грамадства запомніць.

Збігнеў Глюза, аналізуючы падзеі ва Усходняй Еўропе і ў Беларусі, прыходзіць да аптымістычнага вываду.

Збігнеў Глюза:Назіраючы за сітуацыяй ва Усходняй Еўропе, я прыходжу да ваваду, што вызваленчы рух народаў гэтага рэгіёна, які ідзе знізу, з'яўляецца паслядоўным. Нягледзячы на ​​тармажэнне гэтага руху дыктатурамі ў Беларусі і Расіі, мне здаецца, што працэс вызвалення грамадстваў ад страху, залежнасці немагчыма спыніць.

Гэты працэс расцягнуўся на многія гады, ён доўжыцца ўжо чатыры дзесяцігоддзі. Бо трэба пачынаць глядзець, як развіваецца сітуацыя, з руху «Салідарнасці» ў 1980 годзе ў Польшчы. Наступная важная падзея — гэта Майдан на мяжы 2013 і 2014 гадоў ва Украіне. І, нарэшце, падзеі 2020 года ў Беларусі, якія ў пэўным сэнсе нагадваюць тое, што адбывалася ў Польшчы з 1980 году. Усе гэтыя падзеі паказваюць, што працэс вызвалення немагчыма спыніць.

І, бадай, менавіта гэта адбываецца з грамадствам у Беларусі. Але там яно пазбаўлена голасу. І ўсё ж, тое, што адбывалася там, было не дарма.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост