Беларуская Служба

Выйшла кніга пра ўраджэнцаў Беларусі і Украіны — змагароў за незалежнасць Польшчы, якія паднялі бунт у ГУЛАГу

07.04.2022 16:03
У выдавецтве фонду Ośrodek Karta выйшла кніга Bunty w łagrach. Relacje polskich więźniów Gułagu.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Кныт пра лёс палякаў з Беларусі і Украіны ў ГУЛАГу.
   Ośrodek Karta    .
Новыя кнігі фонду Ośrodek Karta пра палякаў у ГУЛАГу.https://ksiegarnia.karta.org.pl/

Фонд Ośrodek Karta, вядомы сваімі даследаваннямі і публікацыямі па гісторыі Польшчы і суседніх краін, у т.л. Беларусі і Украіны, не мог застацца абыякавы да агрэсіі Расіі супраць Украіны. У сваёй заяве фонд адзначае, што гэта не столькі вайна паміж Расіяй і Украінай, а “напад варвараў на свабодны свет”: “Мы лічым, што дзяржаўны бандытызм не можа перамагчы ў дэмакратычнай Еўропе. Украіна стала Майданам Свабоды — лініяй абароны ўсяго свету”.

Намесніца галоўнага рэдактара выдавецтва фонду Ośrodek Karta Агнешка Кныт мяркуе, што падзеі ва Украіне будуць адлюстраваны ў новых выданнях фонду.

Агнешка Кныт, намесніца галоўнага рэдактара выдавецтва фонду Ośrodek Karta: Цяпер узнікаюць розныя ініцыятывы па дакументацыі ваенных злачынстваў ва Украіне. Але пакуль што гэта толькі ідэі. У фонду Ośrodek Karta ёсць вялікі вопыт па вывучэнні на працягу многіх гадоў вуснай гісторыі. Але што датычыць ініцыятыў па Украіне, то цяпер яшчэ трохі рана, каб гаварыць пра гэта падрабязна.

Аднак, улічваючы вопыт працы даследчыкаў з фонду Ośrodek Karta, несумненна, што яны падрыхтуюць грунтоўныя працы на ўкраінскую тэматыку.

Многія іншыя кнігі, якія ўбачылі свет у выдавецтве фонду Ośrodek Karta, таксама ў той або іншай ступені звязаны з гісторыяй і Украіны, і Беларусі і, натуральна, Польшчы. Бо ўсе яны закранаюць тэму знаходжання гэтых краін і народаў пад расійскай акупацыяй у ХХ ст. Адна з такіх кніг — Bunty w łagrach. Relacje polskich więźniów Gułagu” (“Паўстанні ў лагерах. Сведчанні польскіх вязняў ГУЛАГа”).

Агнешка Кныт: Гэта кніга, у якой змешчаны каля 30 сведчанняў вязняў лагераў Варкуты, Нарыльска і Кінгіра. Усе яны былі членамі падпольных арганізацый, якія змагаліся за незалежнасць Польшчы, а ў масе сваёй паходзілі з тэрыторый сучаснай Беларусі і Украіны. Большасць з іх была арыштавана ў 1945 г. або ў другой палове 1940-х гг. — за супраціўленне савецкай уладзе і за замаганне за незалежную Польшчу падчас Другой сусветнай вайны.

Яны, як палітычныя зняволеныя, трапілі ў “асоблагі” — лагеры з асобым, строгім рэжымам. І там, у тых лагерах, яны ўзнялі бунт. Яны былі ўдзельнікамі, або, як у Варкуце, суарганізатарамі, лідарамі бунтаў у 1953–1954 гг.

У кнізе змешчаны сведчанні гэтых людзей, запісаныя нашымі калегамі ў пачатку 1990-х гг., калі Ośrodek Karta толькі пачынаў сваю дзейнасць. Усе гэтыя гады гэтыя ўспаміны ляжалі ў нашым архіве, а цяпер мы іх вырашылі апублікаваць.

Мне здаецца, што гэтыя ўспаміны — асаблівая крыніца. У Польшчы апублікавана вельмі мала матэрыялаў, якія б сведчылі пра такую з’яву, як бунт, паўстанне ў лагеры. Увогуле, здавалася чымсьці немагчымым, што ў такім месцы хтосьці мог узбунтаваць. І ўсё ж, такія прыклады ёсць.

У гэтай кнізе мы прадставілі лёсы гэтых людзей з моманту пачатку Другой сусветнай вайны, каб паказаць іх патрыятычную дзейнасць, змаганне за незалежнасць. Расказваецца, як яны трапілі ў лагеры, адлюстравана рэчаіснасць існавання ў лагеры: як людзі там выжывалі.

Тлумачыцца, чаму адбыліся бунты ў лагерах.

Кніга праілюстравана здымкамі, якія дагэтуль не публікаваліся. Яны ўзяты з прыватных архіваў тых людзей, якія давалі інтэрв’ю.

Дадаткова ў кнізе змешчаны сучасныя здымкі тых мясцін, дзе раней знаходзіліся савецкія лагеры.

Агнешка Кныт удакладніла, як палякі з Беларусі і Украіны трапілі ў лагеры. Яна напомніла, што яны паходзілі з беларускіх і ўкраінскіх зямель даваеннай Польшчы, якія ў 1939 г. былі далучаны да СССР. А ў 1944 г., калі сюды, пасля нямецкай акупацыі, вярнулася Чырвоная Армія, уласна і пачаліся арышты.

Агнешка Кныт: Супрацоўнікі НКУС шукалі людзей, якія служылі ў Арміі Краёвай, з’яўляліся членамі руху за незалежнасць Польшчы, змагаліся супраць СССР, жадаючы захаваць незалежнасць Польшчы. І менавіта такія людзі былі арыштаваны і асуджаны на шматгадовыя тэрміны пазбаўлення волі — нават да 25 гадоў. А многія з іх таксама былі пакараны смерцю.

Назіралася вялікая хваля арыштаў. Многа людзей прайшло праз лагеры. Многія з іх памерлі. Толькі некаторыя з іх вярнуліся праз дзесяць, а то і больш гадоў — ужо ў Польшчу ў новых граніцах. Яны і сталі героямі гэтай кнігі.

Агнешка Кныт мяркуе, што ў нейкім сэнсе можна параўнаць пакаленне тых, хто ў свой час змагаўся за незалежнасць Польшчы, з тымі, хто цяпер змагаецца за незалежнасць Беларусі і Украіны.

Агнешка Кныт: Яны змагаліся за незалежнасць Польшчы, якая павінна быць незалежная ад СССР, за незалежнасць сваёй малой радзімы.

На працягу ўсёй Другой сусветнай вайны гэтыя маладыя людзі ваявалі ў Арміі Краёвай. І калі Чырвоная Армія займала ў 1944-1945 гг. тэрыторыі даваеннай Польшчы, яны не маглі пагадзіцца з тым, што Польшча апынецца пад савецкай акупацыяй і не будзе незалежнай дзяржавай. Яны змагаліся за сапраўдную незалежнасць — так як цяпер украінцы змагаюцца за сваю незалежнасць.

Яшчэ адна кніга, якая выйшла ў выдавецтве фонду Ośrodek Karta, — Łagierniczka. Relacja z Workuty 1945–1956 (“Вязень лагера. Сведчанні з Варкуты. 1945–1956 гг.”) аўтарства Анны Шышка-Грывач. Гэта гісторыя жанчыны, якая была арыштавана ў Вільні, ва ўзросце 22 гадоў і асуджана на 20 гадоў зняволення за службу ў Арміі Краёвай. Яна прайшла праз віленскую турму на Лукішках, затым праз маскоўскія турмы Бутырку і Лубянку, лагер у Варкуце.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Даследчык: Лёсы ссыльных у Сібір з Беларусі пры цары і ў савецкі час былі розныя

14.10.2021 10:02
Пётр Глушкоўскі з Варшаўскага ўніверсітэта займаецца вывучэннем лёсаў палякаў з Беларусі ў Сібіры.