90 гадоў таму ў Польшчы быў пабудаваны «Пілсудскі» – першае ў краіне трансатлантычнае пасажырскае судна. Для маладой польскай дзяржавы гэта быў сімвалічны крок, які сведчыў пра доступ краіны да мора. У той час падзея была настолькі важнай, што ўрачысты спуск трансляваўся ў прамым эфіры Польскага радыё.
Судна было спушчанае на ваду 19 снежня 1934 года. Пазней яшчэ сем месяцаў працягваліся аддзелачныя работы. Дызайн і інтэр'ер мелі выклікаць выразныя асацыяцыі з польскай культурай, таму гэтую задачу даверылі вядомым польскім мастакам.
На сямі палубах у трохкласавай кампаноўцы трансатлантычнага лайнера маглі размясціцца 773 пасажыры і каля 300 членаў экіпажа. «Пілсудскі» рэкламаваўся як самае хуткае пасажырскае судна на Балтыйскім моры – яго сярэдняя хуткасць складала 18 вузлоў (33 км/г).
Пасля пабудовы порта ў Гдыні ў 1920-х гадах польскі гандлёвы флот па-ранейшаму не меў вялікіх суднаў, у тым ліку пасажырскіх, якія маглі хадзіць у больш доўгія трасы. Памятайма, што тады авіяцыя не была вельмі развітой, таму, каб дабрацца, напрыклад, у Амерыку, трэба было плысці на лайнеры.
Гэта змянілася са стварэннем Польскага таварыства трансатлантычнага параходства. Кампанія набыла тры судны ў дацкага суднаўладальніка: «Палонія», «Пуласкі» і «Касцюшка». Але неўзабаве яны хутка перасталі закрываць патрэбы польскага суднаходства, таму кампанія вырашыла заказаць сучасныя трансатлантычныя караблі на італьянскай верфі ў Трыесце. Былі пабудаваны два падобныя лайнеры: «Пілсудскі» і «Баторый». А паколькі ў Польшчы тады не было дастаткова фінансавых сродкаў, то судны былі аплачаныя пастаўкамі польскага вугалю ў памеры 1 млн 600 тон.
Пасажырка на палубе «Пілсудскага». Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У эфіры Польскага радыё Маніка Рагазіньска з польскага філіялу арганізацыі The Explorers Club сказала, што будаўніцтва «Пілсудскага» для Польшчы было пэўным сімвалам.
- «Пілсудскі» з’яўляецца сімвалам нашага нацыянальнага гонару. Трэба памятаць, што ў 1918 годзе, пасля Першай сусветнай вайны, калі Польшча зноўку стала незалежнай краінай, пасля 123 гадоў адсутнасці на палітычных картах свету, мы атрымалі 70 км балтыйскага ўзбярэжжа. У тыя часы ніхто нават не думаў пра стварэнне свайго флоту, бо гэта была вар’яцкая ідэя.
«Пілсудскі» адправіўся ў свой першы рэйс 27 жніўня 1935 года з порта Трыест, дзе ён быў пабудаваны, у Гдыню. Ён прыбыў туды 12 верасня і быў з вялікім энтузіязмам сустрэты жыхарамі горада. Лайнер пачаў службу ў польскім грамадзянскім флоце, а яго капітанам стаў Мамерт Станкевіч – славуты польскі марак.
«Пілсудскі». Крыніца: Wikimedia.commons./Domena Publiczna/Topory
У верасні 1935 года «Пілсудскі» адправіўся ў першы рэйс праз Атлантычны акіяне. Да верасня 1939 года ён хадзіў у ЗША па маршруце Гдыня — Капенгаген — Галіфакс — Нью-Ёрк. Узімку ён здзейсніў круіз з Нью-Ёрка ў Карыбскі басейн. Дарэчы, амерыканцы былі захопленыя польскім лайнерам, бо ім падабалася чысціня на судне, польская кухня і культурны персанал.
На пачатку Другой сусветнай вайны трансатлантычны лайнер вяртаўся з рэйсу з Нью-Ёрка. Карабель прычаліў у Вялікабрытаніі і быў прызначаны для ваеннага выкарыстання.
У ноч на 25 лістапада 1939 года ён адправіўся ў свой першы рэйс у складзе ваеннага канвою ў Аўстралію пад камандаваннем капітана Мамерта Станкевіча. На жаль, да месца прызначэння «Пілсудскі» не дайшоў.
26 лістапада раніцай прагрымелі два выбухі. Судна пачало набіраць ваду і затанула праз некалькі гадзін каля мыса Флэмбара ў Паўночным моры. Большасць са 170 членаў экіпажа ўдалося выратаваць. Апошнім лайнер пакінуў капітан Мамерт Станкевіч. Перад гэтым ён знайшоў яшчэ двух перапужаных маладых матросаў і загадаў ім заскочыць у выратавальную шлюпку. Капітан таксама выратаваўся, але памёр ад пераахадажэння арганізму. Ён пасівеў і настолькі змяніўся, што яго не пазнаў карабельны лекар.
Паводле гісторыкаў, «Пілсудскі» хутчэй за ўсё падарваўся на нямецкіх мінах. Ён быў адкрыты на дне мора толькі ў 1980-х гадах.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл