Сярэднявечныя касцюмы, даспехі, музыка – усё гэта цягам некалькіх апошніх дзён перапляталася з сучаснасцю на палях Грунвальду. У апошнюю суботу там адбылася чарговая рэканструкцыя бітвы 1410 года, то бок адно з найбуйнейшых гэткіх мерапрыемстваў у Еўропе.
Ужо ў сераду на палях Грунвальду гукі сярэднявечных мелодый перапляталіся з гукам бензапілаў і электрычных дрыляў. Усё таму, што рыцарскія брацтвы будавалі свае лагеры. Гук піл было чуваць як у лагеры Вялікага магістра Тэўтонскага ордэна, так і ў лагеры мазавецкага князя Януша.
Арганізатары рэканструкцыі падкрэсліваюць, што хоць мерапрыемства мае гістарычны характар, то часу не хапае на тое, каб зрабіць усё ўручную. Таму часам неабходна выкарыстаць таксама сучасную тэхніку. Здараліся сітуацыі, калі апранутыя ў сярэднявечную вопратку мужчыны працавалі пры дапамозе цалкам сучасных прыладаў.
Тым не менш, да нядзелі жыхары гістарычных лагераў стараліся жыць так, як у сярэднявеччы, напрыклад, ваду для мыцця награвалі на вогнішчы, варылі стравы па сярэднявечных рэцэптах і апраналі гістарычныя касцюмы, скураныя туфлі і фетравыя капелюшы.
Усё ж халоднае і дажджлівае надвор’е прымушала іх апранаць пад даспехі цалкам сучасную цёплую бялізну.
Рыцары таксама „неафіцыйна” прыносілі ў палаткі матрацы, сучасныя спальныя мяшкі. Аднак, усё гэта было старанна схавана ад турыстаў, якія наведвалі лагеры.
На палях Грунвальду адбылася 22-я рэканструкцыя бітвы 1410 года. PAP/Tomasz Waszczuk
„Мы стараемся не паказваць дасягненняў сучаснасці. Ужываем іх асцярожна і не на вачах турыстаў. Ад некаторых з іх нам цяжка адмовіцца”, - тлумачылі рыцары.
Яны таксама ўжывалі мабільныя тэлефоны, але не публічна. Ніхто не рабіў тут „рыцарскага сэлфі”. У лагерах не было радыё, ноўтбукаў і тэлевізараў.
Рэканструктары пільна трэніраваліся перад самой бітвай, паколькі дух суперніцтва тут быў таксама важным.
Рэканструктар: Важная стратэгія, паколькі гэта ж барацьба за пункты. Іх можна атрымаць за канкрэтныя ўдары, напрыклад, па шлеме, ад каленяў у гару, за тое, што праціўнік выпусціў з рук зброю, ці за тое, што яго перавярнулі.
Рэканструктары згодна падкрэслівалі, што не ўяўляюць жыцця без удзелу ў мерапрыемстве.
Рэканструктар: Кожны чарговы „Грунвальд” лепшы. Мы не ўяўляем сезону без гэтага мерапрыемства. Тым больш, што гэта адна з найбуйнейшых рэканструкцыяў гістарычных бітваў у Еўропе. Гэта робіць уражанне.
На палях Грунвальду адбылася 22-я рэканструкцыя бітвы 1410 года. PAP/Tomasz Waszczuk
Як падкрэслівае аўтар сцэнара і рэжысёр шоу Кшыштаф Гурэцкі (Krzysztof Górecki), пастаноўка не з'яўляецца чыстай рэканструкцыяй гістарычнай падзеі і падчас яе могуць адбыцца розныя памылкі.
Кшыштаф Гурэцкі: Уся пастаноўка – гэта крыху імправізацыя. Хопіць, каб некаторыя войскі не пабачылі адзін аднаго ў адпаведным моманце… Трэба зразумець, што гэта велізарная прастора з узвышшам. Па адным баку - палякі, па другім - тэўтонцы. Калі яны стартуюць, то амаль не бачаць адзін аднаго. Таму калі яны, напрыклад, крыху памяняюць трасу, то могуць мінуцца. На шчасце за гэтым сочыць тэхніка і я, то бок мы выкарыстоўваем радыёсувязь на кароткіх хвалях і загадваем: „Мазавецкая харугва, направа!”.
На палях Грунвальду адбылася 22-я рэканструкцыя бітвы 1410 года. PAP/Tomasz Waszczuk
У самой бітве ўдзельнічала амаль 1,5 тысячы рэканструктараў. Дырэктар Музея Грунвальдскай бітвы Шыман Дрэй (Szymon Drej) падкрэслівае, што рэканструкцыя й спадарожныя мерапрыемствы павінны нагадваць не толькі гісторыю самой бітвы, але і ейныя гістарычныя абставіны.
Шыман Дрэй: Гістарычныя бакі канфлікту: гэта на адным баку магутныя войскі тэўтонскага ордэну і прадстаўнікі рыцарства сярэднявечнай Еўропы, напрыклад, рыцары з Англіі. На другім баку - аб’яднаныя сілы Польшчы й Летувы, а таксама аддзелы татарынаў. У гэтай бітве Летува змагалася за сваё існаваньне, а Польшча – за гегемонію.
Мерапрыемствы працягваліся таксама пасля заканчэння рэканструкцыі бітвы. Між іншым, адбыліся ІІ Турнір бардаў, агляд гарцэрскай і турыстычнай песні, канцэрты й паказ феерверкаў.
Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама прадстаўнікі ўладаў Польшчы, у тым ліку міністр сельскай гаспадаркі Ян Кшыштаф Арданоўскі (Jan Krzysztof Ardanowski), амбасадар Літвы ў Польшчы, прадстаўнікі ваяводскіх і муніцыпальных уладаў.
На палях Грунвальду адбылася 22-я рэканструкцыя бітвы 1410 года. PAP/Tomasz Waszczuk
Рэканструкцыя бітвы пад Грунвальдам, якая сёлета адбылася ўжо 22-гі раз, кожны год прыцягвае тысячы любіцеляў гісторыі. Групы рэканструктараў і энтузіясты сярэднявечных рыцараў прыбываюць на палі Грунвальду з усяго свету, у тым ліку з Літвы, Расіі, Германіі, а нават ЗША і Аўстраліі.
Нагадаем, бітва пад Грунвальдам адбылася 15 ліпеня 1410 года, то бок 609 гадоў таму.
аз