Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская распачала чэлендж да Дня роднай мовы: Каб размаўляць, трэба размаўляць

21.02.2025 13:47
«Мае нястомныя эльфы з каманды камунікацыі прапанавалі мне зрабіць месяц Роднай мовы! І таму цягам наступнага месяца чальцы Офіса будуць расказваць вам цікавосткі пра нашую родную беларускую мову», — расказала лідарка дэмакратычных сіл Беларусі.
 .
Святлана Ціханоўская.Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У Міжнародны дзень роднай мовы Святлана Ціханоўская распачала чэлендж і распавяла, як натуральна ўвесці беларускую мову ў паўсядзённае жыццё, - паведамляе reform.news.

«Мае нястомныя эльфы з каманды камунікацыі прапанавалі мне зрабіць месяц Роднай мовы! І таму цягам наступнага месяца чальцы Офіса будуць расказваць вам цікавосткі пра нашую родную беларускую мову», — расказала лідарка дэмакратычных сіл Беларусі.

У першым відэа палітык кажа пра крыніцы беларускай мовы ў жыцці сучаснага чалавека — сацсеткі, беларускія блогеры, кнігі.

«Карацей, глядзім, слухаем, але галоўнае — размаўляем. Каб размаўляць, трэба размаўляць і не баяцца рабіць памылкі. Я ведаю некалькі прыкладаў, калі беларускамоўныя блогеры пераставалі рабіць свае відэа на беларускай мове толькі таму, што іх там хэйцілі за нейкія памылкі ці за канчаткі небеларускія. Калі ласка, падтрымлівайце адзін аднаго і не забівайце жаданне размаўляць на беларускай мове», — заклікала яна, паабяцаўшы наступную цікавостку праз тыдзень.

Нагадаем, беларусаў у Міжнародны дзень роднай мовы таксама запрашаюць далучыцца да агульнанацыянальнай дыктоўкі і прыняць удзел у шэрагу імпрэз.

эж