У Польшчы на днях выйшла новая кніга, якая называецца «Шафлярска. Іграць, каб жыць». Выдавецкая пазіцыя прысвечаная Дануце Шафлярскай – легендарнай польскай актрысе, якая яшчэ некалькі гадоў таму была найстарэйшай дзеючай артысткай у свеце.
Яшчэ на пачатку лютага 2017 года мы паведамлялі, што актрыса Данута Шафлярска адзначыла 102 гады. Яна нарадзілася 6 лютага 1915 года. Тады, у лютым 2017 года і нават раней, Данута Шафлярска была найстарэйшай у свеце актрысай, якая іграла ў тэатры й кіно.
Варшаўскі тэатральны інстытут яна скончыла напярэдадні Другой сусветнай вайны. Пасля гэтага была накіравана на працу ў тэатр у Вільню. Падчас вайны Данута Шафлярска іграла ў падпольных тэатрах, удзельнічала ў Варшаўскім паўстанні, а на тэатральную сцэну і ў кіно змагла вярнуцца ў 1946 годзе. Прычым яна знялася ў першым пасляваенным польскім фільме. А пасля былі дзясяткі роляў у тэатры й кіно, выкладанне тэатральнага майстэрства маладым артыстам. Дарэчы, нават пасля 100-га юбілею пані Данута працягвала выходзіць на сцэну, у тым ліку варшаўскага Нацыянальнага тэатру. Калі ж у яе з’явіліся праблемы з перасоўваннем, то актрыса на тэатральную сцэну выязджала на калясцы, а за пару тыдняў да сваёй смерці яна рыхтавалася да прэм’еры ў адным з варшаўскіх тэатраў.
За шмат дзясяткаў гадоў прафесійнай працы яна сыграла ў амаль 80 фільмах і стварыла каля сотні тэатральных роляў. Данута Шафлярска прыняла ўдзел у першым польскім пасляваенным фільме «Забароненыя песні», і з таго часу яна пачала здабываць вялікую славу і любоў гледачоў.
Менавіта за ролю ў «Забароненых песьнях» гледачы палюбілі акторку, а крытыкі называлі Дануту Шафлярску першай прыгажуняй пасляваеннай кінематаграфіі. А адзін са старэйшых польскіх акцёраў узгадваў, што Шафлярска да канца свайго жыцця захавала дзявочую грацыёзнасць.
Цікава тое, то шырокую вядомасць і папулярнасць сярод сярэдняга і маладога пакалення яна атрымала за 10 гадоў да сваёй смерці, у 2007 годзе, калі сыграла галоўную ролю ў фільме «Час паміраць» («Pora umierać») польскага рэжысёра Дароты Кэндзежаўскай (Dorota Kędzierzawska). У фільме яна сыграла ролю самотнай бабулі, якая чакае вечна занятага сына.
Назву кнігі «Шафлярска. Іграць, каб жыць», якая на днях з’явілася на паліцах польскіх кнігарняў, можна назваць сімвалічнай, таму што існуе такое ўражанне, што пані Данута сапраўды іграла, каб жыць. Магчыма, заставацца доўга ў добрай фізічнай і псіхалагічнай форме ёй дапамагала тое, што яна любіла маладых людзей, а сярод сяброў актрысы шмат было асоб, якія па ўзросце маглі б быць яе праўнукамі альбо ўнукамі. Дарэчы, пра гэта артыстка не раз казала ў інтэрв’ю.
Кнігу «Шафлярска. Іграць, каб жыць» напісала журналістка Катажына Кубісёўска. Яна сказала Польскаму радыё, што Данута Шафлярска была не толькі выдатнай актрысай, але і прыгожай жанчынай.
- Пакаленне маіх бацькоў, людзей, якія нарадзіліся пасля вайны, альбо дзядоў, якія нарадзіліся да вайны, памятае Дануту Шафлярску з першага пасляваеннага польскага фільму «Забароненыя песні». Яна вельмі добра запамяталася: прыгожая дзяўчына з найпрыгажэйшымі вачыма і ўсмешкай, якая зачароўвала. Але яна была не толькі прыгожая: яна прыцягвала ўвагу сваім акцёрскім талентам, ад яе сыходзіў нейкі магнетызм. Дарэчы, у інтэрнэце можна паглядзець фільм «Забароненыя песні», таму я запрашаю азнаёміцца, як Данута Шафлярска выглядала ў палове 1940 гадоў.
Паводле Катажыны Кубісёўскай, актрыса была вельмі сучаснай жанчынай. «Сучасныя жанчыны цяпер такія, якой Данута Шафлярска была ў 1950-60-я гады. Артыстка заўсёды была незалежнай, дбала пра сябе і думала пра кар’еру. Акцёрскае майстэрства для яе было ўсім – гэтаму яна прысвяціла сваё жыццё», – кажа аўтарка кнігі. Нягледзячы на кар’еру, актрыса спраўлялася з выхаваннем дваіх дачок, пры гэтым выхоўвала іх адна.
Дануты Шафлярскай не стала 19 лютага 2017 года. Яна памерла праз два тыдні пасля свайго 102-га дня нараджэння.
Валеры Саўко
слухайце аўдыё
на фота: Данута Шафлярска, кадр з фільму «Час паміраць» («Pora umierać»), 2007 год