Сукупнасць аднакаранёвых слоў, упарадкаваных адносінамі вытворнасці – гэта словаўтваральнае гняздо. Усе словы аднаго гнязда маюць не толькі агульнасць фармальную (адзін для ўсіх корань), але і сэнсавую (корань выражае агульнае значэнне ўсіх аднакаранёвых слоў у гняздзе) – піша Я.Н. Марозава ў працы Словаўтварэнне. Тэарэтычныя асновы, узоры разбору, тэсты, кантрольная работа (Віцебск 2005, с. 9). Пачаткам (зыходным словам) гнязда з’яўляецца невытворнае (нематываванае) слова. У аснове пабудовы гнёздаў ляжыць прынцып паслядоўнага падпарадкавання адных слоў другім, што выражаецца ў ступенным характары словаўтварэння, напр.:
матэматыка > матэматык > матэматычка
матэматыка > матэматызацыя
матэматыка > матэматычны > матэматычна
матэматычны > матэматычна
матэматычны > логіка-матэматычны
матэматычны > фізіка-матэматычны > фізмат
У гняздзе на гарызантальнай восі вылучаюцца словаўтваральныя пары, якія складваюцца ў словаўтваральны ланцужок.
Словаўтваральная пара – гэта два кампаненты: утваральнае слова ці словы і вытворнае: сум >сумны.
Словаўтваральны ланцужок звязвае паслядоўна ўтвораныя аднакаранёвыя словы. Зыходнае слова ланцужка невытворнае, яно з’яўляецца і зыходным словам гнязда. У ланцужку пры паслядоўным утварэнні слоў вызначаюцца ступені словаўтварэння, напр.: віць (нулявая ступень) > навіць (1-я ст.) > навіваць (2-я ст.) > навівальшчык (3-я ст.) > навівальшчыца (4-я ст.).
Словаўтваральны тып – гэта фармальна-семантычная схема (формула) утварэння слоў, якая характарызуецца:
- агульнасцю часціны мовы ўтваральнага і ўтворанага слоў,
- агульнасцю фарманта,
- агульнасцю словаўтваральнага значэння ў фарманта.
Напрыклад, словы свіснуць, крыкнуць належаць да аднаго словаўтваральнага тыпу, таму што ўтвораны на базе адной часціны мовы – ад дзеясловаў свістаць, крычаць, маюць агульны словаўтваральны сродак – суфікс -ну-, які выражае адно і тое ж словаўтваральнае значэнне – ‘аднакратна ўтварыць дзеянне’.
Яшчэ прыклад: нарачанец, уралец адносяцца да аднаго тыпу, бо ўтвораны ад базавых назоўнікаў пры дапамозе суфікса -ец і абазначаюць ‘асоб па месцы іх нараджэння і жыхарства’.
Словы з гэтым жа фармантам, але з інакшым яго значэннем належаць да іншага словаўтваральнага тыпу, напр.:
жнец, касец ‘назвы асоб паводле роду дзейнасці’; словаўтваральная база ў іх таксама іншая – дзеясловы, а не геаграфічныя назвы;
зласлівец, хітрэц ‘назвы асоб па ўнутранай якасці’ з прыметнікавай базай;
выгнанец, пасланец ‘назвы асоб паводле працэсуальнай прыметы’; словаўтваральная база – дзеепрыметнікі.
Больш вузкім паняццем за словаўтваральны тып з’яўляецца мадэль словаўтварэння, напрыклад, адтапонімныя прыметнікі з суфіксам -ск- са значэннем ‘адносіны да месца ― да геаграфічных назваў ’ (барысаўскі, наўгародскі, вілейскі, лёзненскі, стаўбцоўскі, аршанскі, ялцінскі, пінскі) адносяцца да аднаго словаўтваральнага тыпу, але да 9 розных мядэляў - у сувязі з рознымі мадыфікацыямі на стыку асновы і суфікса.
Словаўтваральная парадыгма – гэта сукупнасць усіх слоў, якія непасрэдна ўтварыліся ад аднаго і таго ж слова, напр. 1) парадыгма гандбол > гандбаліст, гандбольны; 2) парадыгма гандбаліст > гандбалістка.
Спосаб словаўтварэння – гэта агульны шлях утварэння слоў, які аб’ядноўвае шэраг тыпаў з адным відам фарманта, напрыклад, адзін спосаб складаюць словаўтварэнні з любымі суфіксамі (суфіксальны), другі спосаб – з любымі прыстаўкамі (прэфіксальны) і г. д. Спосабы ўтварэння вызначаюцца на аснове фармантаў.
Гл. шырэй: Я.Н. Марозава, Словаўтварэнне. Тэарэтычныя асновы, узоры разбору, тэсты, кантрольная работа, Віцебск 2005, с. 9-13.
Ніна Баршчэўская