Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: спосабы словаўтварэння

09.11.2019 22:47
У   сучаснай беларускай  мове  вылучаюцца  два  спосабы словаўтварэння  з  іх  разнавіднасцямі:  афіксацыя  і  складанне.
Аўдыё
Словаўтварэнне ўзбагачае беларускую мовуФота: Беларуская служба Польскага радыё

 У   сучаснай беларускай  мове  вылучаюцца  два  спосабы словаўтварэння  з  іх  разнавіднасцямі:  афіксацыя  і  складанне, якія  аб’ядноўваюць часта ў больш шырокую адзінку класіфікацыі – марфемнае  (або   марфалагічнае)   словаўтварэнне.

Афіксальныя спосабы маюць неаднолькавую прадуктыўнасць. З сямі афіксальных спосабаў  (прэфіксальнага, суфіксальнага, прэфіксальна-суфіксальнага, постфіксальнага, прэфіксальна-постфіксальнага, суфіксальна-постфіксальнага, прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальнага) найбольш пашыраныя  два першыя: прэфіксальны і суфіксальны .

  • Прэфіксальны спосаб заключаецца ў далучэнні прыстаўкі да цэлага слова. Пры гэтым не змяняецца часціна мовы ўтваральнага слова і не змяняецца граматычная характарыстыка слова: тып скланення ці спражэння, напр.: лагічны > алагічны, навуковы > антынавуковы, даць > аддаць, мучыцца  > вымучыцца.
  • Суфіксальнаму спосабу характэрнае далучэнне суфікса не да цэлага слова, а да яго асновы. Пры гэтым на марфемным шве могуць адбывацца розныя марфаналагічныя змены ўтваральнай асновы і фарманта: чаргаванне зычных, усячэнне словаўтваральнай асновы, накладанне марфем, змена  месца  націску, напр.: адрадзіць >  адраджэнне,  актыўны  > актывізава(ць), дрэва > драўляны, камень > каменны, домаўладальнік >   домаўладальніцкі.

Існуе таксама нульсуфіксальны спосаб, які часцей за ўсё выкарыстоўваецца пры ўтварэнні назоўнікаў, а таксама парадкавых лічэбнікаў, радзей ― адносна-прыналежных  і  адносных  прыметнікаў.  Гэтак утвараюцца:

  • аддзеяслоўныя назоўнікі мужчынскага роду 2-га скланення са значэннем абстрактнага дзеяння, напр.: вылецець > вылет,  пералічыць > пералік,  раскалоць > раскол,  узламаць > узлом;
  • аддзеяслоўныя назоўнікі жаночага роду 1-га скланення са значэннем абстрактнага дзеяння, напр.: астацца > астача, даплаціць > даплата;
  • аддзеяслоўныя назоўнікі жаночага роду 3-га скланення са значэннем апрадмечанага дзеяння ці яго выніку, напр.: заесці > заедзь, мазаць > мазь, рэзаць > рэзь;
  • аддзеяслоўныя абстрактныя множналікавыя назоўнікі са значэннем апрадмечанага дзеяння, рэшткаў рэчыва, напр: выбіраць > выбары, скакаць > скокі, усходзіць  >  усходы;
  • адпрыметнікавыя назоўнікі жагочага роду 3-га скланення са значэннем абстрактнай прыметы, напр.: белы > бель, высокі > высь, глухі > глуш;
  • адназоўнікавыя і адпрыметнікавыя зборныя і абстрактныя назоўнікі ніякага роду 2-га  скланення  з  падаўжэннем  каранёвага  зычнага, напр.: багаты > багацце, вугаль > вуголле,  крыло > крылле;
  • парадкавыя лічэбнікі, напр.:   пяць > пяты,  дзевяноста > дзевяносты,  сто > соты;
  • адносна-прыналежныя і адносныя прыметнікі: Бог > Божы,  воўк > воўчы, нафтаперапрацоўка > нафтаперапрацоўчы, і некаторыя іншыя разнавіднасці нулявой суфіксацыі.
  • У беларускіх граматыках адрозніваюцца два  віды  прэфіксальна-суфіксальнага  спосабу:
  • Новае слова  матывуецца  спалучэннем  назоўніка з  прыназоўнікам, напр. : без  душ ы > бяздушны, без  клопату > бесклапотны, за возерам > заазер’е(jэ), пад зямл ёй > падзямелле. Польскія мовазнаўцы гэтакі тып словаўтварэння адносяць да суфіксальнага спосабу, таму што прыназоўнікі без, за, пад ды іншыя разам з назоўнікамі уваходзяць у словаўтваральную аснову.    
  • Новае слова ўтвараецца ад асновы аднаго слова, а не ад спалучэння  назоўніка  з  прыназоўнікам, напр.: гара > узгор’е(jэ), векавечны > увекавечы(ць), сын > усынаві(ць). Тут сапраўды да словаўтваральнай асновы далучаюцца прыстаўкі і суфіксы.  
  • Пры постфіксальным спосабе фармантамі з’яўляюцца постфіксы -ся (-ца, -цца), -небудзь, -сьці (-сь). Пры словаўтварэнні постфіксы паводзяць сябе як прыстаўкі:  далучаюцца  не  да  асновы,  а да  цэлага слова, напр.: мыць > мыцца, супрацьпастаўляць >  супрацьпастаўляцца, дзе  > дзе-небудзь,  хто > хтосьці (хтось).
  • Прэфіксальна-постфіксальным спосабам утвараюцца толькі дзеясловы ад цэлых слоў, утваральная  база  ў  іх – таксама  дзеясловы, напр.: званіць > дазваніцца, есці > наесціся, плакаць > расплакацца.
  • Суфіксальна-постфіксальным спосабам таксама ўтвараюцца толькі дзеясловы ад назоўнікаў і прыметнікаў. Суфікс разам з постфіксам далучаецца да асновы  назоўніка  ці  прыметніка, напр.: колас > каласі(ц)ца, скупы > скупі(ц)ца.
  • Прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальным спосабам утвараюцца толькі дзеясловы ад асноў назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў, напр.: банкрут > абанкруці(ц)ца, шчодры > расшчодры(ц)ца, хіхікаць > перахіхіквацца. 

Пра ўтварэнне складаных слоў слухайце праз тыдзень. 

Гл. шырэй: Я.Н. Марозава, Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа, Віцебск 2005, с. 15-18. 

Ніна Баршчэўская