Часціцы – дапаможныя словы, якія надаюць дадатковыя кантэкстуальныя сэнсавыя адценні словам, словазлучэнням, сказам, актуалізуюць іх семантычны патэнцыял. У адрозненне ад такіх непаўназначных слоў, як прыназоўнікі і злучнікі, што выконваюць пераважна сінтаксічныя функцыі, часціцы адыгрываюць ролю своеасаблівага семантычнага каментатара іншых знамянальных моўных адзінак.
У адпаведнасці з гэтай роляй яны падзяляюцца на тры асноўныя сэнсавыя групы, унутры якіх звычайна вылучаюць больш дэталёвыя падгрупы. Гэтыя групы ўключаюць:
- па-першае, часціцы, што выражаюць дадатковыя семантычныя адценні,
- па-другое, часціцы, якія выражаюць мадальныя адценні,
- па-трэцяе, часціцы, што абазначаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні.
Сярод часціц з дадатковым семантычным адценнем выдзяляюцца:
- указальныя(вось, вунь, гэта), напр. Вось і яны – местачковыя хаты. А.К.;
- азначальна-ўдакладняльныя (амаль, акурат, іменна, проста, прыблізна, чыста, сапраўды, якраз), напр. Гэта была проста фармальнасць. К-с;
- вылучальна-абмежавальныя (выключна, толькі, усяго, хаця, хіба), напр. Хоць бы дзе жывы хто, хоць бы чалавечы голас. К.Ч.
Сярод мадальных часціц адрозніваюць:
- сцвярджальныя (так, але, ага), напр. А матор як працуе, чуеш? – Але, - кажу я. Скр.;
- адмоўныя (не, ні, ані), напр. Адзін дасужы, ды не дужы. Прык.;
- пытальныя (а, ну, няўжо, ці, хіба), напр. Хіба там яшчэ нехта цікавіцца мною? Каратк.
- параўнальныя (быццам, нібы, як бы), напр. Настаўніца як бы не пачула гэтых слоў. Асіп.;
- пабуджальныя (давай, няхай, ану), напр. Дайце хоць зірну на вас хвіліначку адну!.. К-с.
Эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы падзяляюцца на:
- клічныя (вось дык, як, ну і, што за), напр. Ну і доля ж удалася! Ф. Б.;
- і ўзмацняльныя (аж, і нават, дык ні, так), напр. Звон быў моцны, аж глушыў. К.Ч.
Значная колькасць часціц ужываецца як словаўтваральны і формаўтваральны сродак для пабудовы іншых лексем і граматычных канструкцый. Такімі часціцамі-кампанентамі ў беларускай мове служаць абы-, ані-, не-, ні-, -небудзь, -сьці (параўн.: абы-куды, аніхто, нехта, нішто, што-небудзь, хтосьці), напр. Штосьці шэпча таполяў сям’я гаваркая. Луж.
Да формаўтваральных адносяцца часціцы бы(б), няхай (хай), -ся (-ца, -цца), пры дапамозе якіх утвараюцца формы дзеяслова:
- часціцы бы(б) служаць для ўтварэння формы ўмоўнага ладу, напр. Калі б ведаў, дзе павалішся, то абышоў бы. Прык.;
- для ўтварэння аналітычных форм загаднага ладу дзеясловаў ужываюцца часціцы давай, няхай (давай вырашаць, няхай прынясе), напр. Няхай жа на шчасце цвіце ваша доля! Р.;
- часціца – постфікс -ся (-ца, -цца) служыць для ўтварэння зваротных дзеясловаў, напр. Жыццё вымяраецца не гадамі, а тымі справамі, што зрабіў чалавек. Асіп.
Асобныя часціцы выкарыстоўваюцца для выражэння сінтаксічных адносін у складаных сказах, г. зн. адыгрываюць ролю злучнікаў, і для выканання марфалагічных функцый пры ўжыванні ў якасці прыставак (параўн.: не надта прыгожы і непрыгожы, ні які і ніякі).
Прычым некаторыя былыя часціцы цалкам перайшлі ў разрад словаўтваральных афіксаў (параўн.: -ка, -небудзь, -сьці, -сь, -та ў словах дай-ка, калі-небудзь, хтосьці, штось, як-та).
Па свайму паходжанню часціцы падзяляюцца на:
- невытворныя(і, а, але, вунь, жа, не)
- і вытворныя,якія суадносяцца з адпаведнымі паўназначнымі словамі, а таксама з выклічнікамі (выключна, гэта, давай, ах, ну, так).
- Праз спалучэнні дзвюх і болей аднаслоўных часціц утвараюцца састаўныя часціцы, што надаюць, як правіла, выказванню павышаную экспрэсію (дык вось, абы толькі, куды там).
Да мадальных слоў у беларускай мове адносяцца нязменныя лексічныя адзінкі, якія выражаюць адносіны прамоўцы да рэчаіснасці ці да выказанага паведамлення. Мадальнасць з’яўляецца семантыка-граматычнай катэгорыяй, якая можа выражацца граматычнымі і лексічнымі сродкамі.
Мадальныя словы ўключаюць у свой склад нязменныя моўныя адзінкі тыпу безумоўна, бясспрэчна, відавочна, мабыць, напэўна, сапраўды, з дапамогай якіх перадаюцца разнастайныя значэнні даверу / недаверу, пэўнасці / няпэўнасці, магчымасці / немагчымасці і г.д. У сувязі з гэтым падзяляюцца яны на дзве групы:
- мадальныя словы, якія выражаюць упэўненасць, перакананне, сцвярджэнне таго, пра што гаворыцца ў сказе (безумоўна, бясспрэчна, вядома, зразумела, канешне, праўда, сапраўды), напр. Дождж, безумоўна, прынясе больш карысці, чым шкоды. Шам.;
- мадальныя словы, якія выражаюць няўпэўненасць, меркаванне, сумненне (здаецца, мабыць, можа, мусіць, напэўна, пэўна), напр. Са сцяны тырчаў той самы драўляны крук, убіты яшчэ дзедам, на які два ці, можа, тры пакаленні вешалі вопратку, хусткі, шапкі. К.Ч.
Большасць мадальных слоў паходзіць ад слоў іншых часцін мовы, але практычна страціла іх зыходнае лексічнае значэнне, зрабілася, па сутнасці, іх амонімамі. У сучаснай беларускай літаратурнай мове мадальныя словы суадносныя:
- з назоўнікамі (праўда, факт), параўн.: Садок быў, праўда, невялічкі. К-с і Праўда даражэй за грошы. Прык.;
- з прыметнікамі кароткай формы, дзеепрыметнікамі, прыслоўямі (безумоўна, бясспрэчна, відавочна, вядома, канешне, магчыма, напэўна, пэўна), параўн.: Там, вядома, лепш за мяне здолеюць ацаніць вашу працу. Кр. і Усім вядома, што адклад не ідзе ў лад. Бяд.;
- з дзеясловамі (здаецца, здавалася, зразумела, можа, мусіць), параўн.: Горад, здавалася, пасвятлеў і павесялеў. Грах. і Адзінокая гармата здавалася жывою істотаю. К.Ч..
У сказе мадальныя словы сінтаксічна не звязваюцца з іншымі членамі сказа, што падмацоўваецца іх выдзяленнем на пісьме знакамі прыпынку, а ў вусным маўленні – адпаведнай інтанацыяй.
Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005
Ніна Баршчэўская