Беларуская Служба

Палякі адзначаюць сотую гадавіну з дня нараджэння Кшыштафа Каміля Бачыньскага

22.01.2021 15:15
Грамадскае Польскае радыё падрыхтавала спецыяльны інтэрнэтны сервіс, прысвечаны жыццю і творчасці паэта.
Аўдыё
  • Палякі адзначаюць сотую гадавіну з дня нараджэння Кшыштафа Каміля Бачыньскага.
         .
Палякі адзначаюць сотую гадавіну з дня нараджэння Кшыштафа Каміля Бачыньскага.PAP/Albert Zawada

У Варшаве да сотай гадавіны з дня нараджэння паэта і жаўнера Арміі Краёвай Кшыштафа Каміля Бачыньскага(Krzysztof Kamil Baczyński) быў адкрыты мурал. Такім чынам Нацыянальны цэнтр культуры ўшанаваў памяць пра аднаго з самых выдатных прадстаўнікоў „пакалення калумбаў” - пакалення польскіх пісьменнікаў, якія нарадзіліся каля 1920 года і чыё сталенне прыпала на трагічныя гады Другой сусветнай вайны.

Намеснік прэм'ера, міністр культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту Пётр Гліньскі (Piotr Gliński) падкрэсліў, што Кшыштаф Каміль Бачыньскі з'яўляецца часткай канона польскай ідэнтычнасці і польскай культуры:

- Ён жыў каротка, але інтэнсіўна. Быў асабліва таленавітым спадкаемцам Норвіда і Выспянскага. З другога боку, ён прадстаўляў польскую ідэнтычнасць і польскія дылемы. Гэта важнае для сучасных палякаў, асабліва маладых. У сучасным свеце, у якім мы маем дачыненне з крызісам культуры, вяртанне да агульных каштоўнасцей - бясцэнная справа.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтрa культуры Рафал Вісьнеўскі (Rafał Wiśniewski) лічыць, што мурал павінен заахвочваць людзей знаёміцца з творчасцю Кшыштафа Каміля Бачыньскага:

- Мы хацелі, каб гэтую буйную фрэску маглі глядзець не толькі жыхары Варшавы падчас шпацыру, але таксама падарожныя, якія ўязджаюць у Варшавы з усходняга боку. Цытата, узятая з верша „Позірк” заахвочвае карыстальнікаў смартфонаў неадкладна пацікавіцца паэзіяй Бачыньскага, а пасля вяртання да дому, прачытаць нейкі зборнік ягоных вершаў.  

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Томаш Макоўскі(Tomasz Makowski) нагадаў, што Кшыштаф Каміль Бачыньскі пакінуў велізарную літаратурную спадчыну, а Нацыянальная бібліятэка мае вялікую калекцыю ягоных рукапісаў і малюнкаў:

- Цудоўныя зборнікі напісаныя і ілюстраваныя самім паэтам, як падарунак для жонкі. Найбольш закранае зборнік, ахвяраваны жонцы ў дзень іх шлюбу. Гэта быў 1944 год. Два гады пазней іх ужо не было сярод жывых. Цяжка пагадзіцца на смерцю маладога, таленавітага паэта, які паспеў напісаць ажно 500 вершаў.  

Мурал адкрыты на вуліцы Солец 85, паводле праекта Барташа Касоўскага.

Стагоддзе з дня нараджэння Кшыштафа Каміля Бачыньскага адзначыў таксама Анджэй Дуда, ускладаючы кветкі на магіле паэта і яго жонкі на Вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве.

Міністр з Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Войцех Калярскі(Wojciech Kolarski) нагадаў, што 2021 год быў абвешчаны годам Кшыштафа Каміля Бачыньскага:

- Сейм Польшчы абвясціў 2021 год годам Кшыштафа Каміля Бачыньскага. Мэта – ушанаваць памяць выдатнага, трагічнага польскага паэта, які сімвалізуе лёсы ўсяго „пакалення калумбаў”.

Урачыстасці, прысвечаныя памяці Кшыштафа Каміля Бачыньскага праходзяць па ўсяе Польшчы.

Грамадскае Польскае радыё падрыхтавала спецыяльны сэрвіс, прысвечаны жыццю і творчасці паэта - baczynski.polskieradio24.pl, нагадаў Кшыштаф Касоўскі (Krzysztof Kossowski):

- Сэрвіс падзелены на сем раздзелаў, у якіх мы закранаем найважнейшыя падзеі з жыцця і творчасці Бачыньскага. Паказваем, якім чынам нарадзілася легенда паэта-жаўнера. Нагадваем, што апрача вершаў, ён пісаў таксама сатырычную прозу і марыў стаць графікам.  

У сэрвісе baczynski.polskieradio24.pl можна знайсці ўнікальныя архіўныя запісы Польскага радыё - аповеды членаў яго сям'і, сяброў і знаёмых, жаўнераў і калег з падполля, а таксама выказванні біёграфаў і літаратурных экспертаў.

Можна таксама паслухаць вершы паэта ў інтэрпрэтацыі многіх вядомых акцёраў, а таксама песні на ягоныя тэксты.

Кшыштаф Каміль Бачыньскі нарадзіўся 22 студзеня 1921 года ў Варшаве.
У дзяцінстве пакутаваў на астму, меў слабое сэрца і ўсё жыццё знаходзіўся пад пагрозай захварэць на сухоты. Пасля заканчэння школы Бачыньскі марыў вучыцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і стаць графікам ці ілюстратарам, але пачатак вайны перашкодзіў яму рэалізаваць гэту мару.

Увосень 1942 года паэт паступіў у падпольны Варшаўскі ўніверсітэт, дзе вывучаў паланістыку. 6 ліпеня 1942 года Бачыньскі ажаніўся з Барбарай Драпчыньскай, таксама студэнткай аддзялення паланістыкі падпольнага Варшаўскага ўніверсітэта. Паэт прысвяціў жонцы серыю эротыкаў, якія дагэтуль лічацца найвыбітнейшымі творамі гэтага жанру ў польскай літаратуры.

У ліпені 1943 года Бачыньскі трапіў у батальён „Зоська” Арміі Краёвай. Тады ж ён кінуў навучанне ва ўніверсітэце і заняўся выключна падпольнай дзейнасцю і паэзіяй.

Кшыштаф Каміль Бачыньскі загінуў на чацверты дзень Варшаўскага паўстання 4 жніўня 1944 года, смяротна паранены нямецкім стралком. Яму было 23 гады. А 1 верасня загінула і жонка Бачыньскага.

Кшыштаф Каміль Бачыньскі – адзін з самых легендарных творцаў у польскай літаратуры. Песні на яго вершы спявалі і надалей спяваюць многія барды. Паэт з'яўляецца патронам школаў, бібліятэк; героем кнігаў і фільмаў. Створаная паэтычная прэмія яго імя. Творы Кшыштафа Каміля Бачыньскага перакладаліся на многія мовы свету, у тым ліку на беларускую.

У 2018 годзе рашэннем прэзідэнта Анджэя Дуды паэт быў узнагароджаны Камандорскім крыжам ордэна Polonia Restituta.

аз