У Мінску на 74-м годзе жыцця памёр беларускі паэт Алесь Разанаў.
Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна на Берасцейшчыне. Вучыўся ў БДУ. У 1969-м яго адтуль адлічылі за падпісанне ліста ў ЦК КПБ з заклікам аднавіць выкладанне ва ўніверсітэце на беларускай мове. Пры спрыянні Максіма Танка і Уладзімера Калесніка скончыў адукацыю ў берасцейскім педінстытуце. Працаваў настаўнікам у школе, затым – у рэдакцыях літаратурных выданняў. Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісах «Родная прырода», «Крыніца». Быў віцэ-прэзідэнтам, аднім з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру. Некаторы час правёў у Нямеччыне і Аўстрыі.
Пасля творчай рэзідэнцыі ў гэтых краінах выдаў кнігі на нямецкай мове. Алесь Разанаў быў госцем нашых радыёперадач. Так у верасні 2011 года ў мінскай Галерэі Ў адбылася прэзентацыя нямецкамоўнай кнігі Разанава, назву якой можна перакласці як «Месяц думае, Сонца разважае». Прапануем вашай увазе інтэрв'ю з Алесем Разанавым, запісанае пасля гэтай прэзентацыі.
Алесь Разанаў – аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічыцца этапнымі для беларускай паэзіі, – «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях 360» (1981), «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009).
Доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына так адгукнулася на смерць паэта:
«Памёр Алесь Разанаў. Для мяне не толькі герой маёй першай дысертацыі, але і чалавек, з якім звязана шмат асабістага. Здаецца, я ўжо ўсё сказала і ў кнізе, і ў артыкулах пра яго.
Чарговая дзірка ў душы.
Разанаў – гэта сапраўдны чалавек Адраджэння, бо ён не толькі паэт, але і мастак, і філосаф. Але чым бы ён не займаўся, ён заўсёды на галаву апярэджваў сваіх сучаснікаў. Калі тыя апявалі парадак, ён займаўся паэзіяй чыстай красы, калі малявалі правадыроў, ён ствараў загадкавыя «Яйкаквадраты», а калі рабілі са слова служку, то ён пісаў у вечнасць філасафемы.
На мой погляд, Разанаў – гэта самы велічны праект беларускай культуры. Праект не ў сучасным значэнні гэтага слова, якое стала атаясамлівацца з фінансамі, а ў першасным. Я ўжо не раз казала, што гэтае слова перакладаецца як «кіданне наперад». Дык вось мне здаецца, што Разанаў – ён таксама закінуты наперадзе свайго часу, і тыя, што жывуць цяпер, не зусім разумеюць веліч чалавека, які знаходзіцца побач з імі».
Як паведамляе «Саюз беларускіх пісьменнікаў», развітанне са славуты паэтам Алесям Разанавым адбудзецца ў суботу, 28 жніўня, а 12.30 у Мінску, у Саборы св. Пятра і Паўла на Нямізе.
Слухайце аўдыё!
эж