Беларуская Служба

Сайт Польскага радыё «Варшаўская бітва 1920» змагаецца за тытул «Гістарычнай падзеі года»

30.08.2021 12:15
Створаны грамадскай радыёстанцыяй сайт, гэта сучасны аповед пра адну з найважнейшых гістарычных падзеяў у Еўропе.
Аўдыё
  • Сайт Польскага радыё «Варшаўская бітва 1920» змагаецца за тытул «Гістарычнай падзеі года».
Serwis bitwa1920.gov.pl
Serwis bitwa1920.gov.plFoto: Polskie Radio

Да 31 жніўня інтэрнэт-карыстальнікі могуць галасаваць на «Гістарычную падзею года». Сярод больш чым 180 прапанаваных гістарычных праектаў, якія былі рэалізаваныя ў 2020 годзе, члены журы конкурсу адабралі 15 найбольш цікавых у трох намінацыях: «Падзея», «Выстава» і «Адукацыя і мультымедыя». Менавіта ў гэтай апошняй катэгорыі быў намінаваны інтэрактыўны вэб-сайт Польскага радыё bitwa1920.gov.pl

Сайт, прысвечаны Варшаўскай бітве 1920 года быў створаны да сотай гадавіны гэтай падзеі. Яго распрацаваў партал PolskieRadio.pl і офіс грантавай Праграмы «Незалежная».

Старшыня праўлення грамадскага Польскага радыё Агнешка Каміньска(Agnieszka Kamińska) адзначае, што сайт bitwa1920.gov.pl – гэта чарговая прадукцыя Польскага радыё:

-У мінулым годзе Польскае радыё стварыла ажно восем гэткіх тэматычных сайтаў. Сёлета распрацоўваюцца наступныя. Напрыклад, сайт прысвечаны легендарнаму польскаму футбалісту і трэнеру Казімеру Гурскаму ці кардыналу Стэфану Вышыньскаму. Сайт «Варшаўская бітва 1920 года», які быў неаднойчы ўзнагароджаны, гэта адзін з многіх сайтаў, створаных супрацоўнікамі Польскага радыё. Нагадваю, сайт дзейнічае ў шасці моўных версіях. Таму кожны, хто зацікаўлены гісторыяй Польшчы, але не ведае польскай мовы, таксама можа з гэтай гісторыяй пазнаёміцца.

Намеснік дырэктара Інфармацыйнага радыёагенцтва, кіраўнік партала PolskieRadio.pl Кшыштаф Касоўскі (Krzysztof Kossowski) пераконвае, што каштоўнасць сайта, прысвечанага Варшаўскай бітве, заключаецца ў многіх аспектах:

-Гэта вельмі «жывы» сайт. Гэта не сухая энцыклапедычная запіска. Ён уцягвае, выклікае заангажаванне. Заахвочвае самастойна рухацца па раздзелах, планаваць, напрыклад, падбіраць дзяржавы да ідэі «федэратыўнай дзяржавы» Пілсудскага. Таму гэта мультымедыйны інструмент, які ўцягвае карыстальнікаў.

Адукацыйны аспект вэб-сайта падкрэслівае таксама Барталамей Макоўскі (Bartłomiej Makowski) з Аддзела спецыяльных праектаў Парталу Польскага радыё:

- Сайт сканструяваны такім чынам, каб асобы павярхоўна зацікаўленыя тэмай, маглі перагледзець найважнейшыя інфармацыі цягам ледзь 4 хвілінаў. У сваю чаргу, калі нехта хоча паглыбіцца ў тэму, то гэта зойме яму шмат гадзінаў. Сайт падзелены на пяць галоўных раздзелаў, але падраздзелаў агулам 144. Так, што ўсяго гэтага сапраўды шмат. Кожны з раздзелаў датычыць іншага аспекту польска-бальшавіцкай вайны. Сайт расказвае не толькі пра вайсковы, але таксама грамадскі аспекты вайны, паколькі гэта была падзея, якая мабілізавала ўсё польскае грамадства.

Барталамей Макоўскі дадае, што радыйны сайт расказвае пра Варшаўскую бітву з дапамогай архіўных матэрыялаў:

-Пра Варшаўскую бітву мы расказваем пры дапамозе матэрыялаў, атрыманых з польскіх, еўрапейскіх і амерыканскіх архіваў. Дзякуючы сучасным анімацыям, інтэрактыўным гульням інтэрнэт-карыстальнікі могуць на момант стаць, напрыклад, афіцэрам бюро шыфраў і паспрабаваць распрацаваць бальшавіцкія коды. Аднак, перш за ўсё, мы можам паслухаць сведкаў і ўдзельнікаў тагачасных падзеяў. Гаворка ідзе, як па камандзіраў, так і тых якія змагаліся на фронце.

У сваю чару Ізабэля Мазурэк (Izabella Mazurek) з аддзела спецыяльных праектаў Парталу Польскага радыё падкрэслівае шматмернасць вэб-сайта:

- Наратыў сайта bitwa1920.gov.pl пачынаецца з падвядзення наступстваў Першай сусветнай вайны ў Еўропе. Паказваем страты: эканамічныя, грамадскія, палітычныя. Наступны раздзел, гэта ўзнікненне бальшавіцкай рэвалюцыі і планы ейных кіраўнікоў заваяваць Еўропу і ўвесь свет.

Нагадваем, раней сэрвіс bitwa1920.gov.pl атрымаў узнагароду Mobile Trends Awards 2020 у катэгорыі «Мабільны сайт-Культура і адукацыя», а ў канцы мінулага года сярэбраную ўзнагароду BohaterON 2020.

Член журы конкурсу «Гістарычная падзея года», галоўны рэдактар сайта historia.org.pl Войцех Дух (Wojciech Duch) тлумачыць, што конкурс павінен ушанаваць арганізатараў, стваральнікаў і ініцыятараў найбольш цікавых гістарычных праектаў мінулага года, якія прасоўваюць гісторыю і культуру Польшчы ў краіне і за мяжой:

-Конкурс «Гістарычная падзея года» – гэта выключная акцыя, мэта якой – ушанаваць аўтараў найцікавейшых гістарычных праектаў у краіне. Гэта разнастайныя праекты: выставы, гістарычныя пастаноўкі, адкрыццё новых музеяў, адукацыйныя і мультымедыйныя праекты. Конкурс павінен паказаць аўтараў, установы, канкрэтных асоб, якія ўносяць уклад у гістарычную адукацыю; прасоўваюць гісторыю і польскую культурную спадчыну.

Конкурс «Гістарычная падзея года» арганізаваны Музеем гісторыі Польшчы ў супрацоўніцтве з парталам historia.org.pl. Сёлета ён праходзіць ужо ў 14-ы раз. Каб прагаласаваць, трэба ўвайсці на старонку конкурсу (whr.muzhp.pl) і аддаць тры галасы – па адным на на адно мерапрыемства ў кожнай катэгорыі.

Пераможцы будуць агучаныя 14 верасня падчас урачыстага фінальнага мерапрыемства. Ганаровы патранат над конкурсам узяў віцэ -прэм'ер, міністр культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту Пётр Гліньскі.

аз