Беларуская Служба

Дырэктар Фестывалю «Прадмова»: Беларусы за мяжой цягнуцца да беларускага

18.06.2022 15:01
Беларусам патрэбныя інтэлектуальныя сустрэчы.
:
фота:pradmova.by

У Варшаве праходзіць трэці этап Фестывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Размовы беларускіх і замежных пісьменнікаў, літаратараў, гісторыкаў збіраюць шмат людзей, пераважна беларусаў, якія былі прымушаныя пераехаць за мяжу на працягу апошніх гадоў, але таксама прадстаўнікоў больш даўняй эміграцыі і дыяспары.

У Беларускім моладзевым хабе ў рамках фестывалю была, між іншым, адкрытая выстава дызайнеркі Кацярыны Пікірэні, адбылася прэзентацыя Беларускай бібліятэкі ў Варшаве, пасля поўдня запланаваная дыскусія «Культурны імперыялізм і вайна культур: ці магчымае супраціўленне?» з удзелам Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Арлова і Андрэя Хадановіча.

Меркаваннем дырэктара фестывалю Паўла Баркоўскага, нават у такі цяжкі час, калі ў Беларусі ідзе вайна з народам, а ва Украіне – жорсткая вайна з Расіяй, беларусам патрэбныя інтэлектуальныя сустрэчы.

- Мы бачым, што беларусы за мяжой маюць цікавасць да беларускага, цікавяцца беларускімі імпрэзамі, кніжкамі. І гэта дае надзею, што беларусы сёння не проста «расчыняюцца» у беларускіх асяроддзях, але захоўваюць сябе культурна, ахоўваюць сваю ідэнтычнасць.

Упершыню Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбыўся ў 2018 годзе. Летась мерапрыемства было адменена. Сёлета «Прадмова» праходзіць па-за межамі Беларусі: у Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Сёлета вядучай тэматыкай імпрэзаў з'яўляецца тэма дому.

нг