Познань – пяты па колькасці жыхароў горад Польшчы. У сталіцы Велікапольскага ваяводства пражывае каля 500 тысяч чалавек. Да нядаўняга часу гэты горад знаходзіўся на перыферыі беларускага жыцця Польшчы. Аднак апошнім часам гэта змянілася. У Познань з канцэртамі завітваюць беларускія гурты, мастакі прывозяць свае выставы, там адкрываюцца ўстановы з беларускім зместам.
За гэтым стаіць руплівая і цяжкая праца беларускіх актывістаў у Познані. Адным з завадатараў гэтага працэсу стаў Стэфан Глушакоў:
-У 2012 годзе, калі я прыехаў у Познань, мясцовая суполка беларусаў у Фэйсбуку налічвала некалькі дзясяткаў чалавек. Тады нам здавалася, што гэта столь нашых магчымасцяў і доўгі час сапраўды так было. Але 2020 год змяніў усё кардынальна. Зараз для параўнання ў гэтай суполцы каля 5 тысяч карыстальнікаў. Гэта сведчыць пра многае.
На фоне падзеяў на Радзіме і ў суседняй Украіне, беларусы адчуваюць патрэбу гуртавацца. А мы намагаемся адказаць на гэтую патрэбу – ладзім імпрэзы, збіраем людзей. Зараз мы знаходзімся на крок ад стварэння чагосьці кшталту беларускага таварыства ў Познані. Перакананы, што менавіта культура, а не палітыка і вулічныя пратэсты, у доўгачасовай перспектыве можа трывала аб’яднаць беларусаў. (...)
Адначасова з гэтым беларускі актывіст у Познані лічыць, што беларусам не стае ініцыятыўнасці, супольнасць знаходзіцца ў пастаянным чаканні лідара, важака.
Поўную гутарку са Стэфанам Глушаковым слухайце ў далучаным гукавым файле!
эж