Беларуская Служба

Парэшткі трох польскіх прэзідэнтаў вяртаюцца з выгнання ў Польшчу

07.11.2022 10:31
12 лістапада яны будуць перапахаваныя ў новапабудаваным Маўзалеі польскіх прэзідэнтаў у выгнанні ў храме Провіду Божага ў Варшаве.
12  a
12 лістапада aстанкі першых прэзідэнтаў Польшчы будуць перапахаваныя ў новапабудаваным Маўзалеі польскіх прэзідэнтаў у выгнанні ў храме Провіду Божага ў ВаршавеPAP/Mateusz Marek

12 лістапада ў Польшчы адбудзецца ўрачыстае перапахаванне парэшткаў трох першых прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні, якія да гэтай пары пакоіліся на могілках польскіх лётчыкаў у Ньюарк-он-Трэнт, у цэнтральнай частцы Англіі. Гаворка ідзе пра Уладзіслава Рачкевіча, Аўгуста Залескага і Станіслава Астроўскага, паведамляе старонка dzieje.pl.

Астанкі першых прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні былі эксгумаваныя на пачатку лістапада. У нядзелю, 6 лістапада, на выспах адбылося ўрачыстае развітанне з імі. У цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі польскіх уладаў, мясцовай польскай дыяспары, у тым ліку, польскія скаўты з Ньюарка.

Міністр Анджэй Дэра з Канцылярыі прэзідэнта Польшчы паведаміў, што нядзельная цырымонія завяршыла мерапрыемствы, якія пачаліся яшчэ ў 1990 годзе, калі апошні прэзідэнт Рэспублікі Польшча ў выгнанні Рышард Качароўскі адмовіўся ад сваёй функцыі і перадаў рэгаліі прэзідэнцкай улады абранаму на ўсеагульных дэмакратычных выбарах прэзідэнту Леху Валэнсу.

Нагадваем, у Ньюарку знаходзіцца найбуйнейшая ў Вялікабрытаніі некраполія польскіх лётчыкаў і прадстаўнікоў іншых родаў польскіх узброеных сілаў на Захадзе. Да 1993 года на згаданых могілках таксама быў пахаваны польскі прэм'ер Уладзіслаў Сікорскі.

12 лістапада труны з прахам трох польскіх прэзідэнтаў будуць змешчаныя ў новапабудаваным Маўзалеі прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні ў храме Провіду Божага ў Варшаве. У гэтым храме быў ужо пахаваны апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе.

Другі з прэзідэнтаў, які дажыў вяртання Польшчай незалежнасці, Эдвард Бернард Рачыньскі, які памёр у 1993 годзе, быў пахаваны ў сямейнай капліцы ў Рагаліне ў Вялікапольшчы. У сваю чаргу прэзідэнт Казімір Сабат пахаваны на лонданскіх могілках Ганнерсберы. У Маўзалеі прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні ў храме Провіду Божага будуць сімвалічныя месцы іх пахавання, паведамляе старонка dzieje.pl.

аз

У варшаўскім Храме Провіду Божага пахаваюць прах прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні (ФОТА)

07.11.2022 05:14
У касцёле будзе адкрыты Маўзалей прэзідэнтаў Рэспублікі Польшча ў выгнанні.