Беларуская Служба

У Польшчы пачалося святкаванне 160-годдзя Паўстання 1863-1864 гадоў

11.01.2023 13:55
Канцэрты, выставы, рэканструкцыі бітваў, навуковыя канферэнцыі, урокі гісторыі, майстар-класы, палявыя гульні, публікацыі і інтэрнэт-партал. Так сёлета па ўсёй Польшчы будуць адзначаць 160-ю гадавіну Студзеньскага паўстання, у Беларусі больш вядомае як Паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Аўдыё
  • У Польшчы пачалося святкаванне 160-годдзя Паўстання 1863-1864 гадоў
Aleksander Sochaczewski Branka 1863
Aleksander Sochaczewski Branka 1863Autorstwa Aleksander Sochaczewski - Praca własna User:Mathiasrex Maciej Szczepańczyk, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5687232

Студзеньскае паўстанне было найбуйнейшым нацыянальна-вызваленчым паўстаннем, накіраваным супраць расійскіх захопнікаў. Падчас яго адбылося больш за 1200 бітваў і сутычак, у якіх, па наяўных падліках, прынялі ўдзел звыш 200 тысяч чалавек.

Сёлета спаўняецца 160 гадоў з яго пачатку. У Польшчы гадавіна будзе адзначацца вялікай колькасцю культурніцкіх мерапрыемстваў на працягу ажно двух гадоў.

Шэраг мерапрыемстваў у памяць аб найбуйнейшым нацыянальна-вызваленчым паўстанні, скіраваным супраць расійскіх захопнікаў, распачнецца музычным шоу ў Нацыянальным тэатры ў Варшаве 22 студзеня. Расказвае Войцех Кальват, паўнамоцны прадстаўнік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны па арганізацыі культурных мерапрыемстваў, звязаных са 160-годдзем Паўстання 1863-1864 гадоў:

-Відовішча абапіраецца на паўстанцкай паэзіі – песнях і вершах, а таксама творах, якія былі спадчынай Студзеньскага паўстання. Аднак мы зрабілі вельмі сучасную аранжыроўку, ведаючы, што падзеі 160 гадоў таму для сучаснага гледача, напрыклад з увагі на мову, могуць быць цяжкімі. Таму мы нагадваем тыя падзеі, спадзяюся, сучасным чынам.

Шмат выстаў падрыхтуюць Нацыянальныя музеі ў Пшэмыслі, Беластоку, Любліне і ва Уроцлаве.

З нагоды 160-годдзя Студзеньскага паўстання будуць адбывацца мастацкія выставы. На экспазіцыі Нацыянальнага цэнтра культуры ў галерэі «Кардэгарда», прысвечанай 160-годдзю выбуху Студзеньскага паўстання, на працягу месяца (з 12 студзеня па 12 лютага), будуць выстаўленыя малюнкі, графіка і акварэлі мастакоў, якія актыўны ўдзельнічалі ў паўстанні: Казімір Альхімовіч, Міхал Эльвіра Андрыёлі, Адам Хмялёўскі, Людамір Бенедыктовіч, Максіміліян Герымскі, Эдвард Юргенс, Антоні Максіміліян Аборскі, Альфрэд Ізыдор Ромер, Станіслаў Віткевіч або падтрымлівалі яго падчас пражывання за мяжой, як Валеры Эльяш-Радзікоўскі ці Артур Гротгер.

Віцэ-прэм'ер і міністр культуры Польшчы адзначыў, што сярод розных вымярэнняў Студзеньскае паўстанне мела і сацыяльны аспект. Пётр Гліньскі падкрэсліў, што ў зрыве ўдзельнічалі розныя слаі грамадства:

-Гэта было першае паўстанне ў якім актыўна ўдзельнічалі ўсе слаі насельніцтва, не толькі шляхта. Гэта было звязана з грамадскімі і цывілізацыйнымі зменамі на польскіх землях у той час. Але актыўны ўдзел рамеснікаў, ці першых пакаленняў гарадскіх працоўных быў значным. Другі аспект грамадскі: у значнай ступені гэта было партызанскае паўстанне. Гэта было паўстанне лакальнай Польшчы.
У сувязі са 160-годдзем выбуху Паўстання 1863-1864 ствараецца віртуальная база дадзеных магіл паўстанцаў. Акцыю праводзіць Патрыятычная федэрацыя, якая дзякуючы гэтаму хоча захаваць і задакументаваць усе месцы спачынку змагароў супраць Расійскай імперыі.

Значная частка магілаў паўстанцаў знаходзіцца ў лясных масівах, часта цяжкадаступных. Аб існаванні многіх з іх сёння ведаюць толькі мясцовыя жыхары. Гадавіна выбуху Паўстання, якая прыпадае на 22 студзеня, гэта добрая нагода ўпарадкаваць інфармацыю пра магілы і такім чынам папулярызаваць веды пра само паўстанне – лічыць старшыня рады Патрыятычнай федэрацыі Эўгенʼюш Гасеўскі:

-Мы ведаем, што паўстанцаў было больш за 200 тысяч. Мы ведаем, што частка з іх пахаваная ў брацкіх магілах. У сваю чаргу значная частка магіл не вытрымала часу. Калі мы іх не будзем шанаваць і даглядаць, то раней ці пазней яны знікнуць усе. Трэба такую базу стварыць, актуалізаваць яе ў ваяводаў. Мы вырашылі, што гэта будзе добрая нагода.

Арганізатары акцыі запрашаюць да ўдзелу ўсіх, хто цікавіцца краязнаўствам і ведае, дзе могуць знаходзіцца такія магілы. Калі дадзенага месца няма ў базе даных, то інфармацыю можа перадаць на праверку, і тады гэтым зоймуцца гісторыкі. Віртуальную базу магілаў паўстанцаў 1863-64 гадоў можна знайсці на сайце powstancystyczniowi.pl.

22 студзеня 1863 года ў Варшаве быў выдадзены маніфест, які абвяшчаў выбух паўстання супраць Расійскай імперыі на тэрыторыі Польшчы, а таксама Вялікага Княства Літоўскага. Яно было адным з найбольш працяглых і масавых вызваленчых рухаў у XIX стагоддзі. Нягледзячы на першапачатковыя поспехі, восенню 1864 года паўстанне скончылася паразай. На працягу 1,5 гадоў адбылося больш за тысячу сутычак, а ў ваенных дзеяннях удзельнічала ў агульнай колькасці каля 200 тысяч паўстанцаў. Каля 30 тысяч чалавек загінула, а пасля падаўлення паўстання больш за 40 тысяч яго ўдзельнікаў было саслана ў Сібір.

Паўстанне 1863-1864 гадоў стала штуршком да нацыянальна-вызваленчага руху не толькі для палякаў, але і іншых народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку беларусаў.

ав


160-годдзе Паўстання 1863-1864 гадоў у Польшчы адсвяткуюць з размахам

04.01.2023 15:01
Урачысты канцэрт, спецыяльны інфармацыйны партал, мультымедыйная выстава, дэбаты і канферэнцыі – гэта толькі частка прапаноў, запланаваных на 2023-2024 гады.