Беларуская Служба

Затрыманыя дзевяць чалавек — іх абвінавачваюць у дыверсіях у Польшчы ад імя расійскіх спецслужбаў

21.05.2024 09:21
Прэмʼер Дональд Туск заяўляе, што «інфармацыйная пятля, зацягваецца вакол Антонія Мацярэвіча» — былога кіраўніка Мінабароны.
 , -
Дональд Туск, прэм'ер-міністр ПольшчыPAP/Art Service

— Самае важнае — цалкам аднавіць кантроль над тым, што адбываецца на тэрыторыі польскай дзяржавы, — заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск падчас эфіру на канале TVN24, адказваючы на ​​пытанне пра дыверсіі і правакацыі ў Польшчы.

Ён паведаміў, што ў нас «дзевяць падазраваных арыштаваныя і абвінавачаныя ў непасрэдным удзеле ў дыверсіях у Польшчы ад імя расійскіх службаў».

Дональд Туск адзначыў, што важна даследаваць уплыў «расійскай агентуры», або Крамля ў цэлым, «на тое, што адбываецца ў Польшчы, таксама на розных узроўнях улады і кіравання». Паводле яго ацэнак, для гэтага спатрэбіцца камісія, пра якую ён ужо казаў раней.

Туск: Справа вельмі сурʼёзная

— Што тычыцца дыверсій і сабатажу, то справа вельмі сурʼёзная. Гэты тычыцца некалькіх еўрапейскіх краін. На дадзены момант, безумоўна, Літва, Латвія, Польшча, — працягнуў прэмʼер-міністр. — Са Швецыі таксама паступаюць сігналы аб тым, што яны баяцца, што некаторыя дзіўныя падзеі таксама могуць быць вынікам дыверсіі.

Дональд Туск паведаміў, што ўжо арыштаваныя дзевяць чалавек, якіх абвінавачваюць у непасрэдным удзеле ў дыверсіях у Польшчы.

— Гэта датычыцца збіцця, падпалу, замаху на падпал, — удакладніў ён. — Тут размова ідзе пра наёмных людзей. Часам гэта людзі з крымінальнага свету. Прычым гэта тычыцца як украінскіх, так і беларускіх і польскіх грамадзян, адзначыў ён.

Кіраўнік ураду звярнуў увагу, што «за замахамі, якія мы выявілі, бо нашы службы вельмі інтэнсіўна працуюць у кансультацыях з саюзнікамі, стаіць даволі вядомы выпадак ва Вроцлаве, дзе была перадухілена спроба падпалу завода па вытворчасці фарбаў, побач быў хімзавод».

— І гэта зроблена па замове расійскіх службаў, пра што ўжо без усялякіх сумневаў было заяўлена, — сказаў Туск.

Ён таксама адзначыў, што «мы маем справу з дыверсіямі ў Літве, падпалам склада Ikea».

— Тыя ж людзі, якіх там затрымалі, таксама могуць мець дачыненне да спробаў дыверсій, у асноўным падпалаў, таксама ў Польшчы, – сказаў палітык.

Дональд Туск адмовіўся называць канкрэтныя абʼекты дыверсій, спаслаўшыся на тое, што ідзе расследаванне.

Як адзначыў прэмʼер-міністр, другі элемент расследавання спраў аб дыверсіях — «палітычны».

— Я часта чую такія меркаванні ці трывогу, што «прэмʼер Туск цяпер хоча адпомсціць ПіС». Камісія, якая павінна даследаваць магчымы расійскі ўплыў на польскую палітыку ў апошнія гады, не мае на мэце канфрантацыі з апазіцыяй. Партыйныя колеры і магчымыя кадравыя расстаноўкі мяне зусім не цікавяць. Мы хочам ліквідаваць тую пагрозу, якая ёсць тут і цяпер, сёння і заўтра, — запэўніў палітык.

На пытанне, каго канкрэтна мае на ўвазе, ён адказаў: «Вы хочаце ўвесь рэестр імёнаў асобаў, якія фігуравалі ў польскай палітыцы, патронам якіх быў ці то Антоні Мацярэвіч, ці то міністр (Міхал) Дворчык, ці то ўвогуле кіруючы клас ПіС, што абсалютна беспакарана дзейнічаў у Польшчы?

«Вакол спадара Мацярэвіча дзейнічалі людзі, якія ў пэўным сэнсе фактычна раззброілі польскую армію», працягнуў Дональд Туск, і дадаў, што вакол Антонія Мацярэвіча «зацягваецца інфармацыйная пятля, якую мы збіраем».

Прэмʼер-міністр Польшчы падкрэсліў, што сёння мэта Уладзіміра Пуціна не толькі дэстабілізацыя ў еўрапейскіх краінах, напрыклад, шляхам дыверсій, але і палітычная вайна за Еўрапарламент.

Я перафразую: «Хочаце міру рыхтуйцеся да выбараў», таму што вельмі важным элементам бяспекі Польшчы зʼяўляецца захаванне еўрапейскага адзінства, сказаў ён, адзначыўшы, што цяпер гэтае адзінства, у сітуацыі вайны ва Украіне, знаходзіцца ў даволі ўражлівым стане.

Туск папярэдзіў, што «калі на выбарах у Еўрапарламент перамогуць тыя, для каго Брусель, Парыж і Берлін праблема, гэта можа стаць палітычнай катастрофай».