Беларуская Служба

Адам Міцкевіч і Роман Афтаназы натхнілі Гжэгажа Ранкоўскага на напісанне трохтомніка пра замкі і палацы Беларусі і Літвы

16.03.2023 14:40
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў даведнікі Kresowe rezydencje. Zamki, pałace i dwory na dawnych ziemiach wschodnich II RP — па трох ваяводствах даваеннай РП: Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Г.Ранкоўскі пра Kresowe rezydencje.
 . Kresowe rezydencje. Zamki, pałace i dwory na dawnych ziemiach wschodnich II RP.
Кнігі Г.Ранкоўскага Kresowe rezydencje. Zamki, pałace i dwory na dawnych ziemiach wschodnich II RP.Viktar Korbut

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы ў 2017-2022 гг. выдаў тры тамы энцыклапедычнага і турыстычнага даведніка вядомага польскага краязнаўца Гжэгажа Ранкоўскага (Grzegorz Rąkowski), прысвечанага замкам, палацам і сядзібам паўночна-ўхсодніх ваяводстваў даваеннай РП, пераважна — тэрыторыям у граніцах сучаснай Беларусі.

Kresowe rezydencje. Zamki, pałace i dwory na dawnych ziemiach wschodnich II RP — так называецца серыя з трох кніг Гжэгажа Ранкоўскага, якія ахопліваюць тэрыторыі трох ваяводстваў даваеннай РП: Віленскага (т. 1), Навагрудскага (т. 2) і ўсходняй часткі Беластоцкага (т. 3). Разам тры тамы складаюць каля 1500 старонак, яны багата ілюстраваны, дапоўнены гістарычнымі і сучаснымі картамі.

Гжэгаж Ранкоўскі, хаця і з’яўляецца па адукацыі біёлагам, наведаў і грунтоўна апісаў бадай усе замкі, палацы і сядзібы (некаторыя — па некалькі разоў), якія ацалелі да нашых дзён. А гэта толькі каля 10-15 працэнтаў ад агульнай колькасці рэзідэнцый вядомых магнацкіх і шляхецкіх родаў, якія існавалі да 1939 г.

Праца, выкананая Гжэгажам Ранкоўскім, у Беларусі малавядомая, а аналагаў ёй проста няма. Хаця, калі быць дакладным, у краязнаўца ёсць папярэднік.

Гжэгаж Ранкоўскі:Узорам для мяне паслужыў Роман Афтаназы, які выдаў 11-томную працу, прысвечаную рэзідэнцыям на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Я, дарэчы, меў гонар перапісвацца са сп. Романам. Гэта было незадоўга да яго смерці. А памёр ён у 2004 г. Ён падзяліўся са мной каштоўнымі парадамі, інфармацыяй. Ён таксама выказаў спадзяванне, што, паколькі мяне цікавяць рэзідэнцыі на ўсходзе былой Рэчы Паспалітай, то я буду прадаўжальнікам яго справы. І я адчуў сябе ў пэўным сэнсе памазаным ім, бо ён быў для мяне свайго роду Майстрам.

Такім чынам, я вырашыў напісаць працу ў стылі сп. Романа Афтаназы.

Ён сваё даследаванне давёў да Другой сусветнай вайны. Я ж гісторыю аб’ектаў давёў да нашых дзён.

Інстытут нацыянальнай памяці знайшоў патрэбныя сродкі, каб выдаць гэты цыкл кніг — у той форме, у якой я запланаваў.

Краязнавец расказвае, з чаго пачалася яго цікавасць да архітэктуры і культуры Беларусі.

Гжэгаж Ранкоўскі:Калі мне было чатыры гады, то бацькі падарылі мне прыгожае выданне балад і рамансаў Адама Міцкевіча з цудоўнымі ілюстрацыямі Яна Марціна Шанцэра. Мне вельмі спадабаліся гэтыя творы, і я іх вывучыў на памяць. Я любіў разглядаць ілюстрацыі ў кнізе, перачытваць яе, дэкламаваць тое, што запомніў.

Калі ж я пасталеў, то зацікавіўся, дзе ляжаць землі, пра якія пісаў Міцкевіч. Ну і аказалася, што яны цяпер знаходзяцца за ўсходняй граніцай Польшчы.

Паколькі гэта былі часы, калі яшчэ існаваў СССР, то туды было складана паехаць. Але часам арганізоўваліся экскурсіі. І на адну з такіх экскурсій, калі я яшчэ вучыўся ў пачатковай школе, мне ўдалося трапіць. Гэта адбылося ў рамках маладзёжнага абмену з СССР. Мне тады было 14 гадоў. І тады мы наведалі сярод іншага Навагрудак і возера Свіцязь. Больш за ўсё мяне ўразіла возера Свіцязь, паколькі тое, што я ўбачыў, дакладна супадала з тым вобразам, які я сабе стварыў, чытаючы балады Міцкевіча.

З таго часу я стаў яшчэ глыбей вывучаць усходнія землі былой Рэчы Паспалітай і збіраць усю інфармацыю пра гэтыя тэрыторыі.

Але пакуль існаваў СССР, паехаць туды ў якасці турыста і наведаць тыя мясціны, якія хацелася, было амаль немагчыма.

Гжэгаж Ранкоўскі ўспамінае, што яшчэ ў 1990 г. разам з калегамі з турыстычнага клуба Unikat пры Варшаўскім універсітэце арганізаваў дзве паездкі ў Беларусь — на Браслаўскія азёры і ўздоўж ракі Нёман: ад вытокаў на працягу 300 км.

Калі ж СССР распаўся, а Беларусь стала незалежнай, Гжэгаж Ранкоўскі з сябрамі падарожнічаў у Беларусь рэгулярна. А ўжо падчас гэтых падарожжаў польскія турысты аглядалі і гістарычныя славутасці.

Гжэгаж Ранкоўскі:Гэта была трохі невядомая зямля. І ездзячы па мясцінах, якія раней ніхто не апісваў, мы адчувалі сябе трохі як першаадкрывальнікі невядомых зямель. Асабліва аглядаючы занядбаныя, паднішчаныя сядзібы і палацы.

І пазней, вярнуўшыся дамоў, я вырашыў пачаць апісваць гэтыя тэрыторыі, каб захаваць у памяці гэту гістарычную спадчыну, якая ў савецкі час мэтанакіравана знішчалася.

Падчас маіх турыстычных паездак па Беларусі я стараўся сам, на месцы, убачыць як усё на самай справе выглядае. Я рабіў здымкі, размаўляў з мясцовымі жыхарамі, ад якіх атрымліваў вельмі цікавыя звесткі пра аб’екты, якія я аглядаў: пры былых уласнікаў, пра лёс аб’ектаў пасля Другой сусветнай вайны.

Такім чынам, на падставе ўласных назіранняў, размоў з людзьмі, вывучэння літаратуры назапасіліся веды, якія я пастараўся выкарыстаць у сваіх публікацыях.

Гжэгаж Ранкоўскі расказвае, што разам з сябрамі аб’ехаў Беларусь і на грамадскім транспарце, і на машыне, і на байдарках, і абышоў пешшу.

Гжэгаж Ранкоўскі:Звычайна гэта выглядала такім чынам. Мы пераязджалі граніцу. Да Брэста, Мінска або Гродна мы даязджалі цягніком. А адтуль на аўтобусе дабіраліся да нейкага раёна. А далей хадзілі ў асноўным пешшу, часам пад’язджаючы аўтобусам.

Гэта былі часам паездкі двухтыднёвыя, а часам на некалькі дзён. І так мы хадзілі пешшу ад мясцовасці да мясцовасці, аглядаючы помнікі гісторыі — сядзібы, палацы, касцёлы.

Фактычна з 1990 г., калі я арганізаваў сваю першую вандроўку ў Беларусь, я пабываў там некалькі дзясяткаў разоў. Апошні раз я туды ездзіў у 2019 годзе. Такім чынам, амаль 30 гадоў я падарожнічаў у Беларусь, бываючы там два-тры разы ў год.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Аўтар выказвае падзяку Мацею Стэпу (Maciej Steppa), галоўнаму спецыялісту Выдавецтва Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, за дапамогу ў арганізацыі інтэрв’ю.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Ад Гродна і Саколкі да Случы і Украіны: падарожжа ў Рэч Паспалітую з Ёганам Генрыхам Мюнцам

16.02.2023 15:49
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў альбом Podróże malownicze przez Polskę 1780-1784: малюнкі Ёгана Генрыха Мюнца канца XVIII ст.

У Вільні выйшла кніга пра Умястоўскіх, сяброў Дзюма-сына, Вагнера і землякоў Пазняка

23.02.2023 15:51
Літоўскі мастацтвазнавец Яланта Шыркайце напісала кнігу пра Умястоўскіх, вядомых у Беларусі па палацы ў Жамыславе, копіі варшаўскага ў Каралеўскіх Лазенках.