Пісьменнік Уладзімір Арлоў падчас сустрэчаў у Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве найперш прадставіць новую кнігу «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча». Аўтар зачытае таксама ўрыўкі са знакамітых «Імёнаў свабоды» з 410 партрэтамі змагароў за свабоду беларускай зямлі з часоў Тадэвуша Касцюшкі і да нашых дзён.
Будуць прадстаўленыя чытачам і іншыя кнігі, выдадзеныя Фондам Kamunikat.org. У тым ліку найноўшае выданне «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны. Таямніцы полацкай гісторыі». Гэтую кнігу Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Беластоку ў апошні дзень траўня падчас сустрэчы Гістарычнага Клубу Beer&History.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў праедзе з «літаратурным турам» па Еўропе – больш за 10 гарадоў у чатырох краінах.
Далей у праграме сустрэч і прэзентацый – Варшава (01.06.2023), Лодзь (02.06.2023) і Кракаў (04.06.2023).
У межах Дзён Салідарнасці «Культура ў эміграцыі» Уладзімір Арлоў распавядзе пра ўдзел жанчын у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Большасць сустрэч будзе праходзіць менавіта з акцэнтам на Паўстанне Кастуся Каліноўскага, бо сёлета адзначаецца 160 год ад паўстання 1863 года.
Ва Уроцлаве (05.06.2023) творчая сустрэча «Змагарнае стагоддзе» з пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым будзе прысвечаная беларускай гісторыі ХІХ ст.
У Познані (06.06.2023) падчас сустрэчы «Patria aeterna. Айчына – вечная» пісьменнік будзе распавядаць пра псіхалогію творчасці і пра тое як нараджаюцца кнігі.
У Берліне (07.06.2023) сустрэча пройдзе пад паўстанцкім заклікам «Межы Айчыны пазначым крывёю!». Падчас сустрэчы будуць раскрытыя новыя факты з жыцця Кастуся Каліноўскага ды малавядомыя старонкі баявых дзеянняў супраць расійскіх войскаў. Пісьменнік раскрые гэтыя тэмы ў адкрытай размове з публікай.
Таксама ў чэрвені запланаваныя сустрэчы пісьменніка з беларускай дыяспарай у Мілане, Балоні і Рыме (Італія) а напрыканцы месяца – у Літве.
Арганізатарам «літаратурнага турнэ» з'яўляецца беларуская Інтэрнэт Бібліятэка і Фонд Kamunikat.org.
яі