Вельбарк (Wielbark) – горад у Вармінска-Мазурскім ваяводстве, у 20 км на поўдзень ад Шчытна. Горад размешчаны ў вусці ракі Савіца і Амулеў; акружаны лясамі і азёрамі. Сучасны Вельбарк – гэта малады адміністрацыйны цэнтр, які атрымаў гарадскія правы ў 2019 годзе, але яго гісторыя насамрэч, пачынаецца XIV стагоддзі.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Тэрыторыя вакол Вельбарка была заселена яшчэ тады, калі гэтыя землі належалі прускім плямёнам. У 1317–1324 гадах тэўтонскія рыцары пабудавалі тут памежную, вартаўнічую вежу, якая спачатку называлася Вільдэнберг(Wildenberg). Сам Вельбарк развіўся з некалькіх, першапачаткова асобных навакольных паселішчаў.
Вельбарк /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У XVI-XVII стагоддзях тут масава пасяляліся палякі з Мазовіі. Цікава, што ў 1637 годзе ў Вельбарку пражывала вялікая колькасць карчмароў з польскімі прозвішчамі, то бок 11. У 1656 годзе паселішча, якое дынамічна развівалася, стала ахвярай татарскага нашэсця, якое спустошыла мясціну.
Вельбарк, неагатычны касцёл святога Яна Непамуцкага /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1723 годзе дзякуючы Фрыдрыху Вільгельму І Вельбарк з тарговага паселішча пераўтварыўся ў сапраўдны горад. Менавіта тады ён упершыню атрымаў гарадскія правы. Паводле гістарычных дакументаў у XVІІІ стагоддзі ў Вельбарку выдатна развівалася суконная прамысловасць, прадукцыю якой адпраўлялі ў Варшаву і Крулявец.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Канец гэтаму выдатнаму перыяду паклала 70-тысячная армія Напалеона, якая пракацілася праз горад. Напалеонаўскія войскі эфектыўна пустошылі дамы і запасы жыхароў. У Вельбарку з 21 студзеня па 2 лютага 1807 года кватараваў і сам Напалеон са сваім штабам. У 1812 годзе, калі войскі рушылі на Расію, у горадзе на працягу 6 тыдняў стаяў увесь баварскі корпус.
Праз год у Вельбарку кватараваў ужо сам цар Аляксандр І, чакаючы рашэння Прусіі на конт саюза ў вайне супраць Францыі.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
XІX стагоддзе не ашчаджала горада, які стаў ахвярай эпідэмій халеры, пажараў і неўраджаяў, якія сталі выпрабаваннем, як для эканамічнай устойлівасці, так і жыхароў Вельбарка. Нягледзячы на гэта, у тым жа стагоддзі тут быў пабудаваны новы касцёл у раманскім стылі, дарога Шчытна – Вельбарк, ратуша і чыгуначнае злучэнне з гарадамі Шчытна і Нідзіца.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Падчас Паўстання 1863–1864 гадоў праз Вельбарк праходзілі пастаўкі зброі для паўстанцаў.
Да пачатку Першай сусветнай вайны ярмакі, якія адбываліся ў Вельбарку лічыліся аднымі з найбуйнейшых у рэгіёне, а пра іх папулярнасць сведчыла будаўніцтва трох гасцініц і шматлікіх заезных двароў.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Падчас Першай сусветнай вайны Вельбарк двойчы займалі расійскія войскі. У сваю чаргу пазней горад адыграў важную ролю, як пункт забеспячэння нямецкіх войскаў на Усходнім фронце.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пасля разгрому расійскай арміі ў бітве пад Таненбергам (26–30 жніўня 1914 года) каля леснічоўкі пад Вельбаркам скончыў жыццё самагубствам яе камандуючы генерал Аляксандр Самсонаў. Яшчэ падчас вайны, у 1916 годзе, з дапамогай Міжнароднага Чырвонага Крыжа жонка генерала Кацярына Аляксандраўна знайшла магілу мужа. Жанчына перавезла труну з эксгумаванымі астанкамі праз фронт ваюючых армій, каб пахаваць мужа ў ягоным маёнтку ў вёсцы Акімаўка пад Херсонам ва Украіне. Пасля заканчэння вайны ля згаданай леснічоўкі быў устаноўлены помнік у памяць аб смерці генерала, які не змог пагадзіцца з рашучай паразай сваёй арміі.
Вельбарк на працягу стагоддзяў меў выразна польскі характар, а польская мова была ў агульным ужыванні з часоў Першай сусветнай вайны. Як цікавінку варта дадаць, што ў міжваенным перыядзе каля Вельбарка інтэнсіўна здабывалі бурштын.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Другая сусветная вайна прынесла гораду велізарныя разбурэнні. Вельбарк быў знішчаны ў 60 працэнтах, у тым ліку ў верасні 1939 года чыгуначны вузел разбамбілі польскія самалёты. Канчаткова знішчаны Вельбарк страціў свае гарадскія правы.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Неўзабаве пасля заканчэння вайны Вельбарк нейкі час быў важным перавалачным пунктам для рэпатрыянтаў з даваенных, усходніх тэрыторыяў Польшчы, якія, у выніку пасляваенных трактатаў, апынуліся ў складзе Савецкага Саюза.
Найбольш каштоўныя элементы культурнага ландшафту Вельбарка гэта: даволі добра захаваная старадаўняя гарадская забудова, шматлікія прыклады старой сельскай забудовы, гістарычная структура горада і вельмі характэрны ландшафт, у якім пераважаюць шырокія вільготныя лугі і лясы.
Вельбарк, евангельскі касцёл пабудаваны ў 1823-1827 гадах /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У самім Вельбарку напэўна варта паглядзець евангельскі касцёл пабудаваны ў 1823-1827 гадах па праекце берлінскага архітэктара Карла Фрыдрыха Шынкеля, неагатычны касцёл святога Яна Непамуцкага, пабудаваны ў 1879-1880 гадах.
Вельбарк, неагатычны касцёл святога Яна Непамуцкага /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Побач з касцёлам знаходзіцца неагатычная каплічка з чырвонай цэглы, пабудаваная ў 1885 годзе. У цэнтры горада знаходзіцца комплекс цікавых камяніцаў з ХІХ стагоддзя.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю чаргу Вельбарка знаходзіцца таксама згаданы помнік генералу Аляксандру Самсонаву і ваенныя могілкі з магіламі жаўнераў часоў Першай сусветнай вайны.
Вельбарк – гэта невялікі, чароўны горад, а яго прывабнасць заключаецца, перш за ўсё, у яго размяшчэнні на тэрыторыі экалагічнай зоны, якую называюць «Зялёнымі лёгкімі Польшчы». Дзякуючы суседству лясоў і рэк Вельбарк – гэта ідэальнае месца для адпачынку веласіпедыстаў, байдарачнікаў і грыбнікоў.
Вельбарк/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У цяперашні час мястэчка прыцягвае турыстаў, якія шукаюць ціхі куток удалечыні ад шумных мазурскіх курортаў.
Анна Задрожна